- 1. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
- 2. калі ў каго выхапіцца на скуры цела ягонага пухліна, альбо лішаі, альбо пляма, і на скуры цела ягонага зробіцца як бы струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да Аарона сьвятара, альбо да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў;
- 3. сьвятар агледзіць струплю на скуры цела, і калі валасы на струплі зьмяніліся на белыя, і струпля паглыбленая ў скуру цела ягонага, дык гэта струпля праказы: сьвятар, агледзеўшы яго, абвесьціць яго нячыстым.
- 4. А калі на скуры цела ягонага пляма белая, але яна не заглыбленая ў скуру, і валасы на ёй не зьмяніліся на белыя, дык сьвятар таго, хто мае струплю, павінен затачыць на сем дзён;
- 5. на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі струпля застаецца ў сваім выглядзе і не пашыраецца струпля па скуры, дык сьвятар павінен затачыць яго яшчэ на сем дзён;
- 6. на сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго, і калі струпля менш прыкметная і не пашырылася струпля па скуры, дык сьвятар павінен абвясьціць яго чыстым: гэта лішай, і няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты.
- 7. А калі лішаі пачнуць пашырацца па скуры, пасьля таго як ён зьяўляўся да сьвятара дзеля ачышчэньня, дык ён другі раз павінен зьявіцца да сьвятара;
- 8. сьвятар, убачыўшы, што лішаі пашыраюцца па скуры, абвяшчае яго нячыстым: гэта праказа.
- 9. Калі будзе на кім струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да сьвятара;
- 10. сьвятар агледзіць, і калі пухліна на скуры белая, і валасы зьмяніліся на белыя, і на пухліне жывое мяса,
- 11. дык гэта застарэлая праказа на скуры цела ягонага; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым і заточыць яго, бо ён нячысты.
- 12. А калі праказа распусьціцца па скуры, і пакрые праказа ўсю скуру хворага ад галавы ягонай да ног, колькі могуць бачыць вочы сьвятаровыя,
- 13. і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, - дык ён абвесьціць хворага чыстым, бо ўсё ператварылася ў белае: ён чысты.
- 14. А калі выявіцца на ім жывое мяса, дык ён нячысты;
- 15. сьвятар, убачыўшы жывое мяса, абвесьціць яго нячыстым; жывое мяса нячыстае: гэта праказа.
- 16. А калі жывое мяса зьменіцца і ператворыцца ў белае, няхай ён прыйдзе да сьвятара;
- 17. сьвятар агледзіць яго, і калі струпля ператварылася ў белае, сьвятар абвесьціць хворага чыстым: ён чысты.
- 18. Калі ў каго на скуры цела быў пухір і загоіўся,
- 19. і на месцы пухіра зьявілася белая пухліна, альбо пляма белая, альбо чырванаватая, дык ён павінен зьявіцца да сьвятара;
- 20. сьвятар агледзіць яго, і калі яна будзе ніжэй скуры, і валасы яго зьмяніліся на белыя, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы, яна распусьцілася на пухіры;
- 21. а калі сьвятар убачыць, што валасы на ёй белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;
- 22. калі яна пачне вельмі пашырацца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля;
- 23. а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца, дык гэта запаленьне пухіра, і сьвятар абвесьціць яго чыстым.
- 24. Альбо калі ў каго на скуры цела будзе абпаліна, і на месцы загоенай абпаліны будзе чырванаватая альбо белая пляма,
- 25. і сьвятар убачыць, што валасы на пляме зьмяніліся на белыя, і яна будзе заглыбленая ў скуры, дык гэта праказа, яна распусьцілася на абпаліне; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;
- 26. а калі сьвятар убачыць, што валасы на пляме ня белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;
- 27. на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі яна вельмі пашырыцца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;
- 28. а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца па скуры, і пры тым мала прыкметная, дык гэта пухліна ад апёку; сьвятар абвесьціць яго чыстым, бо гэта запаленьне ад апёку.
- 29. Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны будзе струпля на галаве, альбо на барадзе,
- 30. і агледзіць сьвятар струплю, і яна будзе заглыбленая ў скуры і валасы на ёй жаўтлявыя і тонкія, дык сьвятар абвесьціць іх нячыстымі: гэта пархатасьць, гэта праказа на галаве, альбо на барадзе;
- 31. а калі сьвятар агледзіць струплю пархатасьці, і яна ня будзе заглыбленая ў скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык сьвятар таго, хто мае струплю пархатасьці заточыць на сем дзён;
- 32. на сёмы дзень сьвятар агледзіць струплю, і калі пархатасьць не пашыраецца, і няма на ёй жаўтлявых валасоў, і пархатасьць ня будзе заглыбленая ў скуры,
- 33. дык хворага трэба астрыгчы, але пархатага месца не абстрыгаць, і сьвятар павінен пархатага другі раз затачыць на сем дзён;
- 34. на сёмы дзень сьвятар агледзіць пархатасьць, і калі пархатасьць не пашыраецца па скуры і ня будзе заглыбленая ў скуры, дык сьвятар абвесьціць яго чыстым: няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты.
- 35. А калі пасьля ачышчэньня ягонага будзе вельмі пашырацца пархатасьць па скуры,
- 36. і сьвятар убачыць, што пархатасьць пашыраецца па скуры, дык сьвятар няхай ня шукае жаўтлявых валасоў: ён нячысты;
- 37. а калі пархатасьць застаецца ў сваім выглядзе, і паказваецца на ёй чорны волас, дык пархатасьць прайшла, ён чысты: сьвятар абвесьціць яго чыстым.
- 38. Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны на скуры цела іхняга будуць плямы, плямы белыя,
- 39. і сьвятар убачыць, што на скуры цела іхняга плямы бледна-белыя, дык гэта лішай, які распусьціўся на скуры: ён чысты.
- 40. Калі ў каго на галаве вылезьлі валасы, дык гэта пляшывы, ён чысты:
- 41. а калі на пярэднім баку галавы вылезьлі валасы, дык гэта лысы: ён чысты.
- 42. Калі ж на плешыне альбо на лысіне будзе белая альбо чырванаватая пляма, дык на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай распусьцілася праказа;
- 43. сьвятар агледзіць яго, і калі ўбачыць, што пухліна струплі ягонай белая альбо чырванаватая на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай, з выгляду падобная на праказу скуры цела,
- 44. дык ён пракажоны, нячысты ён: сьвятар павінен абвясьціць яго нячыстым, у яго на галаве струпля.
- 45. У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: нячысты! нячысты!
- 46. Усе дні, пакуль на ім струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае.
- 47. Калі струпля праказы будзе на вопратцы, на вопратцы ваўнянай, альбо на вопратцы ільнянай,
- 48. альбо на аснове, альбо на ўтоку з ільну, альбо воўне, альбо на скуры, альбо на якім-небудзь вырабе скураным,
- 49. і пляма будзе зеленаватая альбо чырванаватая на вопратцы, альбо на скуры, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, - дык гэта струпля праказы: трэба паказаць яе сьвятару;
- 50. сьвятар агледзіць струплю і заточыць заражанае струпляю на сем дзён;
- 51. на сёмы дзень агледзіць сьвятар заражанае, і калі струпля пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па скуры, альбо па якім-небудзь вырабе, зробленым са скуры, дык гэта праказа ўедлівая, струпля нячыстая;
- 52. ён павінен спаліць вопратку, альбо аснову, альбо ўток ваўняны ці ільняны, альбо якую б то ні было скураную рэч, на якой будзе струпля, бо гэта праказа ўедлівая: трэба спаліць на агні.
- 53. А калі сьвятар убачыць, што струпля не пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па якой бы там ні было скураной рэчы,
- 54. дык сьвятар загадае абмыць тое, на чым струпля, і другі раз затачыць на сем дзён;
- 55. калі пасьля абмываньня заражанай рэчы сьвятар убачыць, што струпля не зьмяніла выгляду свайго, і не пашырылася струпля, дык яна нячыстая, спалі яе на агні; гэта выедзеная яміна на правым баку альбо на вывараце;
- 56. а калі сьвятар убачыць, што струпля пасьля абмываньня яе зрабілася менш прыкметная, дык сьвятар няхай адарве яе ад вопраткі, альбо ад скуры, альбо ад асновы, альбо ад утоку.
- 57. Калі ж яна зноў зьявіцца на вопратцы, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, дык гэта распускаецца струпля: спалі на агні тое, на чым струпля.
- 58. А калі вопратку, альбо аснову, альбо ўток, альбо якую-небудзь скураную рэч вымыеш, і сыдзе зь іх струпля, дык трэба вымыць іх другі раз, і яны будуць чыстыя.
- 59. Вось закон пра струплю праказы на вопратцы ваўнянай альбо ільнянай, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, альбо абвяшчаць яе чыстаю альбо нячыстаю.
Ничего нет для сопоставления.