- 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім пра сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы. Вось сьвяты Мае:
- 3. шэсьць дзён можна працаваць, а на сёмы дзень субота спакою, сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; гэта субота Гасподняя ва ўсіх селішчах вашых.
- 4. Вось сьвяты Гасподнія, сьвяшчэнныя сходы, якія вы павінны склікаць у свой час:
- 5. у першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары Пасха Гасподняя;
- 6. і на пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята праснакоў Госпаду; сем дзён ежце праснакі;
- 7. у першы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;
- 8. і сем дзён прыносьце ахвяры Госпаду; і на сёмы дзень таксама сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.
- 9. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 10. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара;
- 11. ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар;
- 12. і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы,
- 13. і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна;
- 14. і ніякага новага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых.
- 15. Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў,
- 16. да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду:
- 17. ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду;
- 18. разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.
- 19. Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную;
- 20. сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару;
- 21. і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя.
- 22. Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш.
- 23. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 24. скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход;
- 25. ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду.
- 26. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 27. таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду:
- 28. ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага;
- 29. і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго;
- 30. і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе;
- 31. ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых;
- 32. гэта вам субота спакою, і ўпакорвайце душы вашыя, зь вечара дзявятага дня месяца; ад вечара да вечара сьвяткуйце суботу вашую.
- 33. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 34. скажы сынам Ізраілевым, зь пятнаццатага дня таго самага сёмага месяца сьвята кучак, сем дзён Госпаду;
- 35. у першы дзень сьвяшчэнны сход, ніякай працы не рабеце;
- 36. сем дзён прыносьце ахвяру Госпаду; на восьмы дзень сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, і прыносьце ахвяру Госпаду: гэта адданьне сьвята, ніякай працы не рабеце.
- 37. Вось сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы, каб прыносіць у ахвяру Госпаду цэласпаленьне, хлебнае прынашэньне, заколатыя ахвяры і паліваньні, кожнае ў свой дзень,
- 38. апрача субот Гасподніх і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх абяцаньняў вашых і апрача ўсяго, што прыносіце з руплівасьці вашай, што вы даяце Госпаду.
- 39. А на пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі вы зьбіраеце творы зямлі, сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён: у першы дзень спакой і ў восьмы дзень спакой;
- 40. у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся прад Госпадам, Богам вашым сем дзён
- 41. і сьвяткуйце гэта сьвята Гасподняе сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго;
- 42. у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце,
- 43. каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
- 44. І абвясціў Майсей сынам Ізраілевым пра сьвяты Гасподнія.
Ничего нет для сопоставления.