- 1. Філістымляне ваявалі зь Ізраілем, і пабеглі Ізраільцяне ад Філістымлянаў, і падалі пабітыя на гары Гелвуе.
- 2. І пагналіся Філістымляне за Саўлам і сынамі ягонымі, і забілі Філістымляне Ёнатана і Авінадава і Мэлхісуя, сыноў Саўлавых.
- 3. Бітва супроць Саўла ўзмацнілася, і стралкі памкнуліся на яго, так што ён паранены быў стралкамі.
- 4. І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі меч твой і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя, і не паглуміліся зь мяне. Але збраяносец не рашыўся, бо вельмі спалохаўся. Тады Саўл узяў меч і ўпаў на яго.
- 5. Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на меч і памёр.
- 6. І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам зь ім памёр.
- 7. Калі ўбачылі Ізраільцяне, якія былі ў даліне, што ўсе бягуць і што Саўл і сыны ягоныя памерлі, дык пакінулі гарады свае і разьбегліся; а Філістымляне прыйшлі і пасяліліся ў іх.
- 8. На другі дзень прыйшлі Філістымляне абіраць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных забітых на гары Гэлвуйскай,
- 9. і распранулі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную і зброю ягоную, і паслалі па зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта перад ідаламі іхнімі і перад народам.
- 10. І паклалі зброю ягоную ў капішча багоў сваіх, і галаву ягоную ўваткнулі ў доме Дагона.
- 11. І пачуў увесь Явіс Галаадскі ўсё, што зрабілі Філістымляне з Саўлам.
- 12. І падняліся ўсе людзі дужыя, узялі цела Саўлава і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Явіс, і пахавалі косьці іхнія пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.
- 13. Так памёр Саўл за сваё беззаконьне, якое ён учыніў перад Госпадам, за тое, што ня трымаўся слова Гасподняга і зьвярнуўся да чарадзейкі з пытаньнем,
- 14. а ня спытаўся ў Госпада. За тое Ён і аддаў яго сьмерці, і перадаў царства Давіду, сыну Есэеваму.
Ничего нет для сопоставления.