- 1. І паслаў Хірам, цар Тырскі, да Давіда паслоў, і кедровыя дрэвы, і муляроў, і цесьляроў, каб пабудаваць яму дом.
- 2. Калі даведаўся Давід, што ўмацаваў яго Гасподзь царом над Ізраілем, што ўзьнесена высока царства ягонае, дзеля народу яго Ізраіля,
- 3. тады ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусалім, і спарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак.
- 4. І вось імёны тых, што нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Самус, Саваў, Натан, Саламон,
- 5. Эвэар, Элісуя, Элфалэт,
- 6. Ногах, Нафэк, Яфія,
- 7. і Элісама, Вэеліяда і Эліфалэт.
- 8. І пачулі Філістымляне, што памазаны Давід у цара над усім Ізраілем, і падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід пра гэта і пайшоў супроць іх.
- 9. І Філістымляне прыйшлі і разьмясьціліся ў даліне Рэфаімаў.
- 10. І спытаўся Давід у Бога, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў, і ці аддасі іх у рукі мае? І сказаў яму Гасподзь: ідзі, і Я аддам у рукі твае.
- 11. І пайшлі яны ў Ваал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід; і сказаў Давід: зламаў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады. Таму і далі імя мясьціне той: Ваал-Пэрацым.
- 12. І пакінулі там Філістымляне багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалены яны агнём.
- 13. І прыйшлі зноў Філістымляне і разьмясьціліся па даліне.
- 14. І яшчэ спытаўся Давід у Бога, і сказаў яму Бог не хадзі проста на іх, ухіліся ад іх і йдзі да іх з боку тутавых дрэў;
- 15. і калі пачуеш шум як бы крокаў на вяршалінах тутавых дрэў, тады ўступі ў бітву, бо выйшаў Бог перад табою, каб пабіць табар Філістымлянаў.
- 16. І зрабіў Давід, як сказаў яму Бог; і разьбілі табар Філістымскі, ад Гаваона да Газэра.
- 17. І пранеслася імя Давідава па ўсіх землях, і Гасподзь зрабіў яго страшным для ўсіх народаў.
Ничего нет для сопоставления.