- 1. У дваццаць пяць гадоў зацараваў Амасія і валадарыў у Ерусаліме дваццаць дзевяць гадоў; імя маці ягонай Егаадань зь Ерусаліма.
- 2. І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх, але не ад поўнага сэрца.
- 3. Калі ўцьвердзілася за ім царства, тады ён аддаў сьмерці рабоў сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.
- 4. Але дзяцей іхніх не забіў, бо напісана ў законе, у кнізе Майсеевай, дзе запавядаў Гасподзь, кажучы: не павінны быць забіваныя бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць забіваныя за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен памерці.
- 5. І сабраў Амасія Юдэяў і паставіў іх па пакаленьнях пад уладу тысчнікаў і сотнікаў, усіх Юдэяў і Веньямініцянаў, і пералічыў іх ад дваццаці гадоў і вышэй, і аказалася іх трыста тысяч чалавек адборных, якія ходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт.
- 6. І наняў зь Ізраільцянаў сто тысяч адважных воінаў за сто талантаў срэбра.
- 7. Але чалавек Божы прыйшоў да яго і сказаў: цару` хай ня ідзе з табою войска Ізраільскае, бо няма Госпада зь Ізраільцянамі, з усімі сынамі Яфрэма.
- 8. А ідзі ты адзін, рабі дзею, мужна спасобнічай на вайне. Інакш паваліць цябе Бог перад тварам ворага, бо ёсьць сіла ў Бога падтрымаць і паваліць.
- 9. І сказаў Амасія чалавеку Божаму: што ж рабіць са ста талантамі, якія я аддаў войску Ізраільскаму? І сказаў чалавек Божы: Гасподзь можа даць табе больш за гэта.
- 10. І аддзяліў іх Амасія, - войска, якое прышло да яго зь зямлі Яфрэмавай, - каб яны ішлі на сваё месца. І запаліўся моцна іхні гнеў на Юдэю, і яны пайшлі назад у сваё месца, у запале гневу.
- 11. А Амасія адважыўся і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Саляную і пабіў сыноў Сэіра дзесяць тысяч;
- 12. і дзесяць тысяч жывых узялі сыны Юдавыя ў палон, і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх зь вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся цалкам.
- 13. А войска, якое Амасія адаслаў назад, каб яно не хадзіла зь ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі да Вэтарона і перабіла ў іх тры тысячы, і нарабавала шмат здабычы.
- 14. Амасія, прыйшоўшы пасля паражэньня Ідумэянаў, прынёс багоў сыноў Сэіра і пакінуў іх у сябе багамі, і перад імі кланяўся і ім кадзіў.
- 15. І загарэўся гнеў Госпада на Амасію, і паслаў Ён да яго прарока, і той сказаў яму: навошта ты прыходзіш да багоў народу гэтага, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?
- 16. Калі ён гаварыў яму, цар адказваў: хіба дарадцам царскім паставілі цябе? перастань, каб не забілі цябе. І перастаў прарок, сказаўшы: ведаю, што рашыў Бог загубіць цябе, таму што ты зрабіў гэта і ня слухаеш рады маёй.
- 17. І параіўся Амасія, цар Юдэйскі, і паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Іуевага, цара Ізраільскага, сказаць: выходзь, пабачымся асабіста.
- 18. І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіі, цара Юдэйскага, сказаць: цёран, які на Ліване, паслаў да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі звяры дзікія, якія на Ліване, і затапталі гэты цёрн.
- 19. Ты кажаш: вось я пабіў Ідумэянаў, - і ўзьнеслася сэрца тваё да славы. Сядзі лепей у сябе дома. Навошта табе намышляць небясьпечную дзею? Упадзеш ты і Юдэя з табою.
- 20. Але не паслухаўся Амасія, бо ад Бога было гэта, каб перадаць іх у руку Ёаса за тое, што пачалі прыходзіць да багоў Ідумэйскіх.
- 21. І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і ўбачыліся асабіста, ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Вэтсамісе Юдэйскім.
- 22. І былі разьбіты Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся кожны ў намёт свой.
- 23. І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ёахазавага, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Вэтсамісе і прывёў яго ў Ерусалім, і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамы вугольнай, на чатырыста локцяў;
- 24. і ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які быў у доме Божым у Авэд-Эдома, і скарбы дома царскага, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
- 25. І жыў Амасія, сын Ёсаваў, цар Юдэйскі, пасля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.
- 26. Астатнія дзеі Амасіі, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
- 27. І пасля таго часу, як Амасія адступіў ад Госпада, склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.
- 28. І прывезьлі яго на конях, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юдавым.
Ничего нет для сопоставления.