- 1. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!
- 2. Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага
- 3. і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.
- 4. Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;
- 5. цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.
- 6. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,
- 7. і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.
- 8. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:
- 9. бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.
- 10. Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;
- 11. бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.
- 12. Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.
- 13. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,
- 14. вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.
- 15. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:
- 16. бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.
- 17. Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;
- 18. усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.
- 19. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;
- 20. паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.
- 21. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
- 22. Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!
- 23. Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, -
- 24. бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:
- 25. Ён маўляе, - і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:
- 26. узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;
- 27. яны кружацца і хістаюцца, нібы п'яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.
- 28. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.
- 29. Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.
- 30. І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.
- 31. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
- 32. Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!
- 33. Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады - у сушу,
- 34. зямлю пладавітую - у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.
- 35. Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую - у крыніцу вады;
- 36. і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;
- 37. засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.
- 38. Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.
- 39. Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;
- 40. Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.
- 41. А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.
- 42. Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.
- 43. Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.
Ничего нет для сопоставления.