- 1. І ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе цагліну і пакладзі яе перад сабою, і накрэсьлі на ёй горад Ерусалім;
- 2. і наладзь аблогу супроць яго і зрабі ўмацаваньне супроць яго, і насып вал вакол яго і разьмясьці табар супроць яго, і расстаў вакол супроць яго сьценабітныя машыны;
- 3. і вазьмі сабе жалезную дошку і пастаў яе, як бы жалезную сьцяну паміж табою і горадам, і зьвярні на яго аблічча тваё, і ён будзе ў аблозе, і ты аблягай яго. Гэта будзе азнака дому Ізраілеваму.
- 4. А ты кладзіся на левы бок твой і паглядзі на яго беззаконьне, на правіны дому Ізраілевага: па ліку дзён, колькі будзеш ляжаць на ім, ты будзеш несьці беззаконьне іхняе.
- 5. І Я вызначыў табе гады беззаконьня іхняга лікам дзён: трыста дзевяноста дзён ты будзеш несьці беззаконьне дому Ізраілевага.
- 6. І калі выканаеш гэта, дык другі раз кладзіся ўжо на правы бок, і сорак дзён нясі на сабе беззаконьне дому Юдавага, дзень за год, дзень за год Я вызначыў табе.
- 7. І зьвярні аблічча тваё і аголеную правую руку тваю на аблогу Ерусаліма, і прароч супроць яго.
- 8. Вось, я наклаў на цябе аковы, і ты не павернешся з аднаго боку на другі, пакуль ня выцерпіш дзён аблогі тваёй.
- 9. Вазьмі сабе пшаніцы і ячменю, і бабоў і сачыўкі, і проса і вікі, і ўсып іх у адну пасудзіну, і зрабі сабе зь іх хлябы, па ліку дзён, якія ты будзеш ляжаць на баку тваім; трыста дзевяноста дзён ты будзеш есьці іх.
- 10. І ежу тваю, якою будзеш карміцца, еж вагою, па дваццаць сікляў на дзень; ад часу да часу еж гэта.
- 11. І ваду пі мераю, па шасьціне гіна пі, ад часу да часу пі так.
- 12. І еж, як ячныя ляпёшкі, і пячы іх на вачах у іх на чалавечым кале.
- 13. І сказаў Гасподзь: так сыны Ізраілевыя будуць есьці нячысты хлеб свой сярод тых народаў, да якіх Я выганю іх.
- 14. Тады сказаў я: о, Госпадзе Божа! душа мая ніколі не апаганьвалася, і мярцьвяціны і зьверам разадранага я ня еў ад маладосьці маёй да сёньня; і ніякае нячыстае мяса не ўваходзіла ў вусны мае.
- 15. І сказаў Ён мне: вось, Я дазваляю табе, замест чалавечага калу, каровін памёт, і на ім гатуй хлеб твой.
- 16. І сказаў мне: сыне чалавечы! вось, Я струшчу ў Ерусаліме хлебную апору, і будуць есьці хлеб вагою і ў смутку і ваду будуць піць мераю і ў паныласьці;
- 17. бо ў іх будзе нястача хлеба і вады; і яны з жахам будуць глядзець адно на аднаго і змарнеюць у грахоўнасьці сваёй.
Ничего нет для сопоставления.