- 1. Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей,
- 2. і абвёў мяне вакол каля іх, і вось даволі шмат іх на паверхні поля, і вось яны даволі сухія.
- 3. І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта.
- 4. І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: "косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!"
- 5. Так кажа Гасподзь Бог касьцям гэтым: вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце.
- 6. І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас плоць, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
- 7. Я вымавіў прароцтва, як загадана было мне; і калі я прарочыў, адбыўся шум, і вось рух, і пачалі збліжацца косьці, костка з косткаю сваёю.
- 8. І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зьверху, а духа ня было ў іх.
- 9. Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць.
- 10. І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, - і яны ажылі і сталі на ногі свае - досыць, вялікае полчышча.
- 11. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя - увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: "высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня".
- 12. Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую.
- 13. І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых,
- 14. і ўкладу ў вас дух Мой, і ажывяце, і зьмяшчу вас на зямлі вашай - і ўведаеце, што Я Гасподзь сказаў гэта - і зрабіў, кажа Гасподзь.
- 15. І было мне слова Гасподняе:
- 16. а ты, сыне чалавечы, вазьмі сабе адно жазло і напішы на ім: "Юду і сынам Ізраілевым, што ў спрымірэнстве зь ім"; і яшчэ вазьмі жазло і напішы на ім: "Язэпу", гэта - жазло Яфрэмава і ўсяго дому Ізраілевага, што ў спрымірэнстве зь ім.
- 17. І складзі іх у сябе адзін з адным у адно жазло, каб яны ў руцэ тваёй былі адно.
- 18. І калі спытаюцца ў цябе сыны народу твайго: "ці не растлумачыш нам, што гэта ў цябе?"
- 19. Тады скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму жазло Язэпава, якое ў руцэ ў Яфрэма і спрыміраных зь ім плямёнаў Ізраілевых, і прыкладу іх да яго, да жазла Юдавага, і зраблю іх адным жазлом, і будуць адно ў руцэ Маёй.
- 20. Калі ж абодва жэзлы, на якіх ты напішаш, будуць у руцэ тваёй перад вачыма іхнімі,
- 21. дык скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вазьму сыноў Ізраілевых спасярод народаў, сярод якіх яны жывуць, і зьбяру іх адусюль і прывяду іх у зямлю іхнюю.
- 22. На гэтай зямлі, на горах Ізраіля Я зраблю іх адным народам, і адзін Цар будзе царом ва ўсіх іх, і ня будуць болей двума народамі і ўжо ня будуць наперад дзяліцца на два царствы.
- 23. І ня будуць ужо апаганьваць сябе ідаламі сваімі і рознымі заганамі сваімі, і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, дзе яны жывуць, дзе яны грашылі, і ачышчу іх, - і будуць Маім народам, і Я буду іх Богам.
- 24. А раб Мой Давід будзе царом над імі і пастырам усіх іх, і яны будуць хадзіць паводле запаведзяў Маіх і пастановы Мае будуць захоўваць і выконваць іх.
- 25. І будуць жыць на зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву, на якой жылі бацькі іхнія: там будуць жыць яны і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх вавекі; і раб Мой Давід будзе князем у іх вечна.
- 26. І заключу зь імі запавет міру, запавет вечны будзе зь імі. І ўладкую іх і памножу іх і пастаўлю сярод іх сьвятыню Маю навекі.
- 27. І будзе ў іх жытло Маё, і буду іхнім Богам, а яны будуць Маім народам.
- 28. І ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, Які асьвячае Ізраіля, калі сьвятыня Мая будзе сярод іх вавекі.
Ничего нет для сопоставления.