- 1. І было мне слова Гасподняе:
- 2. сыне чалавечы! прапануй загадку і скажы прыпавесьць дому Ізраілеваму.
- 3. Скажы: так кажа Гасподзь Бог: вялікі арол зь вялікімі крыламі, з доўгімі пёрамі, пушысты, перысты прыляцеў на Ліван і зьняў з кедра вяршаліну,
- 4. сарваў верхні малады парастак і прынёс яго ў зямлю Ханаанскую, у горадзе гандляроў пасадзіў яго;
- 5. і ўзяў з насеньня гэтай зямлі і пасадзіў на зямлі насеньня, разьмясьціў каля вялікіх водаў, як садзяць вярбу.
- 6. І яно вырасла і зрабілася вінаграднаю лазою, шырокаю, нізкаю ростам, гольле якое хілілася да яе, і карані яе былі пад ёю, і зрабілася вінаграднаю лазою - і дало парасьці і пусьціла вецьце.
- 7. І яшчэ быў арол зь вялікімі крыламі і пушысты; і вось, гэтая вінаградная лаза пацягнулася да яго сваімі каранямі і працягнула да яго галіны свае, каб ён паліваў яе з барознаў расадніка свайго.
- 8. Яна была пасаджана на добрым полі, каля вялікіх водаў, так што магла пускаць вецьце і радзіць плод, зрабіцца лазою цудоўнаю.
- 9. Скажы: так кажа Гасподзь Бог: ці будзе ёй посьпех? Ці ня вырвуць карэньне яе і ці не абарвуць плады яе, так што яна ўсохне? усе маладыя галіны, што адрасьлі ад яе, усохнуць. І не зь вялікаю сілаю і ня з многімі людзьмі сарвуць яе з каранёў яе.
- 10. І вось, хоць яна пасаджана, але ці будзе посьпех? ці ня высахне яна, як толькі дыхне на яе ўсходні вецер? высахне на градах, дзе вырасла.
- 11. І было мне слова Гасподняе:
- 12. скажы мяцежнаму дому: хіба ня ведаеце, што гэта азначае? - Скажы: прыйшоў цар Вавілонскі ў Ерусалім, і ўзяў цара ягонага і князёў ягоных і прывёў іх да сябе ў Вавілон.
- 13. І ўзяў іншага з царскага роду і ўчыніў зь ім спрымірэнства, і абавязаў яго клятваю і ўзяў моцных зямлі той з сабою,
- 14. каб царства было пакорлівае, каб не магло падняцца, каб захоўвалася спрымірэнства і стаяла цьвёрда.
- 15. Але той адпаў ад яго, паслаўшы паслоў сваіх у Егіпет, каб далі яму коней і шмат людзей. Ці будзе яму посьпех? Ці ацалее той, хто гэта робіць? Ён парушыў спрымірэнства - і ці ацалее?
- 16. Жыву Я, кажа Гасподзь Бог: у месцы, дзе цар, які паставіў яго царом, і дадзеную яму клятву ён пагардзіў і парушыў спрымірэнства сваё зь ім, ён памрэ ў яго ў Вавілоне.
- 17. Зь вялікаю сілаю і шматлікім народам фараон нічога ня зробіць дзеля яго ў гэтай вайне, калі будзе насыпаны вал і пабудаваны будуць абложныя вежы на пагібель многіх душаў.
- 18. Ён пагардзіў клятваю, каб парушыць спрымірэнства, і вось, даў руку сваю і зрабіў усё гэта; ён не ацалее.
- 19. Таму так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! клятву Маю, якою ён пагардзіў, і спрымірэнства Маё, якое ён парушыў, Я абярну на яго галаву.
- 20. І закіну на яго сетку Маю, і злоўлены будзе ў цянёты Мае; і прывяду яго ў Вавілон і там буду судзіцца зь ім за вераломства яго супроць Мяне.
- 21. І ўсе ўцекачы ягоныя з усіх рушэньняў ягоных загінуць ад меча, а хто застанецца, разьвеяныя будуць па ўсіх вятрах; і ўведаеце, што Я, Гасподзь, сказаў гэта.
- 22. Так кажа Гасподзь Бог: і вазьму я зь верху высокага кедра - і пасаджу; зь верхніх парасткаў ягоных адарву пяшчотную парасьліну і пасаджу на высокай і велічнай гары.
- 23. На высокай гары Ізраілевай пасаджу яго, - і пусьціць вецьце і ўродзіць плод і зробіцца велічным кедрам, і будуць вадзіцца пад ім усякія птушкі, усякія крылатыя будуць вадзіцца ў цяні гольля яго.
- 24. І ўведаюць усе дрэвы польныя, што Я, Гасподзь, высокае дрэва паніжаю, нізкае дрэва павышаю, зялёнае дрэва сушу, а сухое дрэва раблю квяцістым: Я, Гасподзь, сказаў і зраблю.
Ничего нет для сопоставления.