- 1. Слухайце слова гэтае, якое Гасподзь прамовіў на вас, сыны Ізраіля, - на ўсё племя, якое вывеў Я зь зямлі Егіпецкай, - кажучы:
- 2. толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя.
- 3. Ці пойдуць двое разам, не згаварыўшыся паміж сабою?
- 4. Ці раве леў у лесе, калі няма перад ім здабычы? ці падае свой голас ільвяня з логвішча свайго, калі ён нічога не злавіў?
- 5. Ці трапіць птушка ў пятлю на зямлі, калі сіла няма ёй? Ці падымецца зь зямлі пятля, калі нічога не трапіла ў яе?
- 6. Ці трубіць у горадзе труба, - і каб народ не спалохаўся? Ці бывае ў горадзе бедства, якое не Гасподзь наслаў бы?
- 7. Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім прарокам.
- 8. Леў пачаў рыкаць, - хто не здрыганецца? Гасподзь Бог сказаў, хто ня будзе прарочыць?
- 9. Абвясьцеце на дахах у Азоце і на дахах у зямлі Егіпецкай і скажэце: зьбярэцеся на горы Самарыі і паглядзеце на вялікае бясчынства ў ёй і на ўціскі сярод яе.
- 10. Яны не ўмеюць чыніць справядліва, кажа Гасподзь: гвалтам і рабункам зьбіраюць скарбы ў харомы свае.
- 11. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось няпрыяцель, і прытым вакол усёй зямлі! ён скіне магутнасьць тваю, і абабраны будуць харомы твае.
- 12. Так кажа Гасподзь: як часам пастух вырывае з пашчы ільвінай дзьве галені альбо частку вуха, так уратаваныя будуць сыны Ізраілевыя, якія сядзяць у Самарыі ў кутку пасьцелі і ў Дамаску на ложку.
- 13. Слухайце і засьведчыце дому Якава, кажа Гасподзь Бог, Бог Саваоф.
- 14. Бо ў той дзень, калі Я спаганю зь Ізраіля за злачынствы ягоныя, спаганю і за ахвярнікі ў Вэтылі, - адцятыя будуць рогі алтара і ўпадуць на зямлю.
- 15. І пакараю дом зімовы разам з домам летнім, і зьнікнуць дамы з украсамі са слановай касьці, і ня стане многіх дамоў, кажа Гасподзь.
Ничего нет для сопоставления.