- 1. Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
- 2. у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
- 3. Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
- 4. будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
- 5. Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: "Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе"? І яшчэ: "Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам"?
- 6. Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: "Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя".
- 7. Пра анёлаў сказана: "Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь".
- 8. А пра Сына: "трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго - жазло праўды.
- 9. Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх";
- 10. І: "у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзеля рук Тваіх;
- 11. яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
- 12. і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца".
- 13. Каму калі з анёлаў сказаў Бог: "сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім"?
- 14. Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?
Ничего нет для сопоставления.