- 1. Браталюбства, між вамі няхай будзе.
- 2. Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
- 3. Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
- 4. Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
- 5. Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: "не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе",
- 6. так што мы кажам адважна: "Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?"
- 7. Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
- 8. Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
- 9. Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
- 10. Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
- 11. Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, -
- 12. дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
- 13. Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
- 14. бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
- 15. Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
- 16. Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
- 17. Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны нядрэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна.
- 18. Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна.
- 19. Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вернуты быў вам.
- 20. А Бог згоды, Які ўзьнёс зь мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавета вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста),
- 21. хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, празь Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя! Амін.
- 22. Прашу вас, браты, прымеце гэтае слова ўмаўленьня; я ж няшмат і напісаў вам.
- 23. Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам зь ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас.
- 24. Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія.
- 25. Мілата з усімі вамі. Амін.
Ничего нет для сопоставления.