Глава 18

  • 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
  • 2. абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: Я Гасподзь, Бог ваш.
  • 3. Паводле дзеяў зямлі Егіпецкай, у якой вы жылі, ня ўчыняйце, і паводле дзеяў зямлі Ханаанскай, у якую Я вяду вас, ня ўчыняйце, і паводле ўстанаўленьняў іхніх не хадзеце:
  • 4. Мае законы выконвайце і Мае пастановы шануйце, учыняючы паводле іх. Я Гасподзь, Бог ваш.
  • 5. Шануйце пастановы Мае і законы Мае, выконваючы якія, чалавек будзе жывы. Я Гасподзь.
  • 6. Ніхто ні да якой родзічкі па крыві не павінен набліжацца дзеля плоцкіх спалукаў. Я Гасподзь.
  • 7. Ты не павінен класьціся з бацькам тваім і з маці тваёй: яна маці твая, не сарамаць яе.
  • 8. Ты не павінен класьціся з жонкаю бацькі твайго; бо гэтым ты сарамаціш бацьку твайго.
  • 9. Ты не павінен класьціся зь сястрою тваёю, з дачкою бацькі твайго альбо з дачкою маці тваёй, што нарадзілася ў шлюбе альбо па-за шлюбам, не сарамаць іх.
  • 10. Ты не павінен класьціся з дачкою сына твайго альбо з дачкою дачкі тваёй, не сарамаць іх, бо праз гэта ты сарамаціш сябе.
  • 11. Ты не павінен класьціся з дачкою бацькі твайго, якая нарадзілася ад іншай жонкі ягонай; бо яна сястра твая, не сарамаць яе.
  • 12. Ты не павінен класьціся зь сястрою бацькі твайго, бо яна адной крыві з бацькам тваім.
  • 13. Ты не павінен класьціся з сястрою маці тваёй, бо яна адной крыві з маці тваёй.
  • 14. Ты не павінен класьціся з жонкаю брата бацькі твайго; бо яна цётка твая.
  • 15. Ты не павінен класьціся зь нявесткай тваёю, яна жонка сына твайго, не сарамаць яе.
  • 16. Ты не павінен класьціся зь ятроўкай тваёй, яна жонка брата твайго, не сарамаць брата твайго.
  • 17. Калі ты маеш плоцкія зносіны з жанчынай, ты не павінен спаць з дачкою яе і з унучкай яе; яны адной крыві зь ёю; таму гэта ганьба крыві.
  • 18. Не бяры ў пасьцель тваю сястры жонкі тваёй, пакуль жонка твая жыве; не рабі яе суперніцай жонцы тваёй пры жыцьці яе.
  • 19. І не кладзіся з жанчынай пад час ачышчэньня яе; у гэты час нячыстая яна.
  • 20. І з жонкаю блізкага твайго не кладзіся, каб выліць семя, бо праз гэта ты станеш нячысты.
  • 21. Зь дзяцей тваіх не аддавай на слугаваньне Малоху і не зьневажай імя Бога твайго. Я Гасподзь.
  • 22. Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю: гэта мярзота.
  • 23. І ні зь якім быдлам не кладзіся, гэта мярзота.
  • 24. Не апаганьвайце сябе нічым гэтым, бо ўсім гэтым апаганілі сябе людзі, якіх Я праганяю ад вас;
  • 25. і апаганілася зямля, і Я паглядзеў на беззаконьне яе, і скінула зямля тых, што жывуць на ёй.
  • 26. А вы шануйце пастановы Мае і законы Мае і не рабеце ўсіх гэтых гідотаў, ні тубылец, ні прыхадзень, што жыве сярод вас,
  • 27. бо ўсе гэтыя брыдоты рабілі людзі гэтай зямлі, што перад вамі, і апаганілася зямля;
  • 28. каб і вас ня скінула зь сябе зямля, калі вы пачняце паганіць яе, як яна скінула людзей, што былі да вас;
  • 29. бо калі хто будзе рабіць усе гэтыя брыдоты, дык душы тых, што рабіцьмуць гэта, вынішчаны будуць з народу свайго.
  • 30. Дык вось, шануйце загады Мае, каб ня ўчыняць паводле агідных завядзёнак, паводле якіх учынялі да вас, і каб не апаганьвацца імі. Я Гасподзь, Бог ваш.