- 1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
- 2. Скажы гэта сынам Ізраілевым: хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод Ізраільцянаў, дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, той хай будзе аддадзены сьмерці: народ зямлі хай пабэе яго камянямі;
- 3. І Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і зьнішчу яго з народу ягонага за тое, што ён даў зь дзяцей сваіх Малоху, каб апаганіць сьвятыню Маю і зьняважыць святое імя Маё;
- 4. і калі народ зямлі не паверне вачэй сваіх на чалавека таго, якога ён дасьць зь дзяцей сваіх Малоху, і не забэе яго,
- 5. дык Я павярну аблічча Маё да чалавека таго і на род ягоны і зьнішчу яго з народу ягонага, і ўсіх, хто блудзіць па сьлядах ягоных, каб аблудна хадзіць сьледам за Малохам.
- 6. І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па сьлядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і зьнішчу яе з народу яе.
- 7. Асьвячайце сябе і будзьце сьвятыя, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
- 8. Шануйце пастановы Мае і выконвайце іх, бо Я Гасподзь, Які асьвячае вас.
- 9. Хто будзе ліхасловіць бацьку свайго альбо маці сваю, той хай будзе аддадзены сьмерці; бацьку свайго і маці сваю ён ліхасловіў: кроў яго на ім.
- 10. Калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю замужняю, калі хто будзе пералюбнічаць з жонкаю блізкага свайго, - хай будуць аддадзены сьмерці і пералюбнік і пералюбніца.
- 11. Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той асарамаціў бацьку свайго; абое яны хай будуць аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
- 12. Калі хто ляжа зь нявесткаю сваёю, дык абое яны хай будуць аддадзены сьмерці: гідоту ўчынілі яны, кроў іхняя на іх.
- 13. Калі хто ляжа з мужчынам, як з жанчынаю, дык абодва яны ўчынілі гідоту: хай будуць аддазены сьмерці, кроў іхняя на іх.
- 14. Калі хто возьме сабе жонку і маці яе: гэта агіда; на агні трэба спаліць яго і іх, каб ня было беззаконьня сярод вас.
- 15. Хто зьмяшаецца з быдлам, таго аддаць сьмерці, і быдла забіце.
- 16. Калі жанчына пойдзе да якой-небудзь жывёлы, каб спалучыцца зь ёю, дык забі жанчыну і жывёлу: хай будуць яны аддадзены сьмерці, кроў іхняя на іх.
- 17. Калі хто возьме сястру сваю, дачку бацькі свайго альбо дачку маці сваёй дзеля плоцкай спалукі, гэта сорам, хай будуць яны зьнішчаны на вачах у сыноў народу свайго: ён асарамаціў сястру сваю: грэх свой панясе ён.
- 18. Калі хто ляжа з жонкаю пад час хваробы крывацечы і адкрые сарамату яе, дык ён агаліў цечу яе, і яна адкрыла цечу крыві сваёй: абое хай будуць вынішчаны з народу свайго.
- 19. Ніхто не павінен класьціся з сястрой маці сваёй або бацькі свайго, бо гэта сарамаціць плоць: грэх свой панясуць яны.
- 20. Хто ляжа зь цёткаю сваёю, той асарамаціў дзядзьку свайго; грэх свой панясуць яны, бязьдзетнымі памруць.
- 21. Калі хто возьме жонку брата свайго - гэта агідна; ён асарамаціў брата свайго, бязьдзетныя будуць яны.
- 22. Шануйце ўсе статуты Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх, - і ня скіне вас зь сябе зямля, у якую я вяду вас жыць.
- 23. Ня ўчыняйце паводле завядзёнак народу, які Я праганяю ад вас; бо яны ўсё гэта рабілі, і Я абурыўся на іх,
- 24. і сказаў Я вам: вы валодайце зямлёю іхняй, і я вам аддаю ў спадчыну зямлю, у якой цячэ малако і мёд. Я Гасподзь, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад усіх народаў.
- 25. Адрозьнівайце быдла чыстае ад нячыстага і птушку чыстую ад нячыстай і не апаганьвайце душ вашых быдлам і птушкаю і ўсім, што поўзае па зямлі, што адрозьніў Я, як нячыстае.
- 26. Будзьце перад Мною сьвятыя, бо Я сьвяты Гасподзь, і я аддзяліў вас ад народаў, каб вы былі Мае.
- 27. Хай то мужчына хай жанчына, калі будуць яны выклікаць мёртвых альбо чарадзейнічаць, хай будуць аддадзены сьмерці: камянямі трэба пабіць іх, кроў іхняя на іх.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Лявiт > Глава 20