• 1. Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:
  • 2. Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.
  • 3. Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;
  • 4. выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;
  • 5. абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;
  • 6. пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;
  • 7. акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,
  • 8. і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;
  • 9. крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.
  • 10. Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;
  • 11. скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;
  • 12. напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;
  • 13. паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.
  • 14. Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.
  • 15. Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;
  • 16. скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.
  • 17. І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,
  • 18. і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.
  • 19. Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.
  • 20. Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.
  • 21. Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:
  • 22. зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:
  • 23. ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!
  • 24. Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.
  • 25. Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.
  • 26. Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.
  • 27. Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;
  • 28. сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;
  • 29. кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: "магчыма, яшчэ ёсьць надзея";
  • 30. падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем,
  • 31. бо не навек пакідае Гасподзь.
  • 32. Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.
  • 33. Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.
  • 34. Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,
  • 35. калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,
  • 36. калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?
  • 37. Хто гэта кажа: "І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць"?
  • 38. Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?
  • 39. Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.
  • 40. Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.
  • 41. Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:
  • 42. мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:
  • 43. Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;
  • 44. Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;
  • 45. сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.
  • 46. Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.
  • 48. Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.
  • 49. Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,
  • 50. пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.
  • 51. Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.
  • 52. Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;
  • 53. укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.
  • 54. Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: "загінуў я".
  • 55. Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.
  • 56. Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!
  • 57. Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!
  • 58. Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.
  • 59. Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.
  • 60. Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;
  • 61. Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,
  • 62. словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.
  • 63. Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх - песьня.
  • 64. Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;
  • 65. пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;
  • 66. перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.