Глава 5

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5
  • 1. Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае:
  • 2. спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя - да іншапляменцаў;
  • 3. Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя - аўдавелі.
  • 4. Ваду сваю п'ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць.
  • 5. Нас паганяюць у карак, мы працуем - і ня маем спачыну.
  • 6. Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба.
  • 7. Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія.
  • 8. Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй.
  • 9. Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча.
  • 10. Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду
  • 11. Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат - у гарадах Юдэйскіх.
  • 12. Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны.
  • 13. Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў.
  • 14. Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлапцы не сьпяваюць.
  • 15. Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся.
  • 16. Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі!
  • 17. Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся.
  • 18. Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй.
  • 19. Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой - род у род.
  • 20. Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час?
  • 21. Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было.
  • 22. Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?