- 1. Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
- 2. бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:
- 3. а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.
- 4. Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;
- 5. І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.
- 6. Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;
- 7. цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;
- 8. бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.
- 9. Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
- 10. і ўсё Маё - Тваё, і Тваё - Маё; і Я праславіўся ў іх.
- 11. Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.
- 12. Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.
- 13. А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.
- 14. Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
- 15. Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога;
- 16. яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
- 17. Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда.
- 18. Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет;
- 19. і за іх я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю.
- 20. Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага:
- 21. хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, - каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
- 22. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя.
- 23. Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
- 24. Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет;
- 25. Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне;
- 26. і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Яна > Глава 17