- 1. У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;
- 2. і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.
- 3. Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
- 4. яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,
- 5. і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.
- 6. Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.
- 7. і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.
- 8. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;
- 9. бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.
- 10. І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.
- 11. А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
- 12. і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
- 13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
- 14. Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла - стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
- 15. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
- 16. Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! - што азначае: Настаўнік!
- 17. Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
- 18. Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
- 19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!
- 20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі !і ногі) і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.
- 21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
- 22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:
- 23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
- 24. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
- 25. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.
- 26. Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
- 27. Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.
- 28. Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой!
- 29. Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы - паверылі.
- 30. Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай;
- 31. а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Яна > Глава 20