- 1. Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас?
- 2. Вы - нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі;
- 3. вы паказваеце сабою, што вы - пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца.
- 4. Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста,
- 5. не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога;
- 6. Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё.
- 7. Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага,
- 8. дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе!
- 9. Бо калі служэньне асуджэньня - слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня.
- 10. Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага.
- 11. Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць.
- 12. Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю,
- 13. а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага.
- 14. Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом.
- 15. Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім;
- 16. але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца.
- 17. Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода.
- 18. А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 2-е Карынфянаў > Глава 3