- 1. Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;
- 2. бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;
- 3. бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі - я сьведка:
- 4. яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;
- 5. і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;
- 6. таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.
- 7. А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, - дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.
- 8. Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.
- 9. Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.
- 10. Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.
- 11. Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.
- 12. Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.
- 13. Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
- 14. Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,
- 15. як напісана: "хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто - мала, ня меў нястачы".
- 16. Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;
- 17. бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.
- 18. Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,
- 19. і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,
- 20. асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;
- 21. бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
- 22. Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.
- 23. Што да Ціта, гэта - мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта - пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
- 24. Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 2-е Карынфянаў > Глава 8