- 1. Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,
- 2. і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.
- 3. А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.
- 4. Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;
- 5. бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
- 6. Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:
- 7. дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.
- 8. Вы былі колісь цемра, а цяпер - сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,
- 9. бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
- 10. Шукайце таго, што да спадобы Богу,
- 11. і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
- 12. бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
- 13. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
- 14. Таму сказана: "устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!".
- 15. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
- 16. цэнячы дорага час, бо дні - ліхія.
- 17. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
- 18. І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
- 19. настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
- 20. дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
- 21. слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.
- 22. Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
- 23. бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос - галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.
- 24. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
- 25. Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
- 26. каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
- 27. каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
- 28. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
- 29. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
- 30. бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
- 31. Таму "пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць".
- 32. Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
- 33. Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Эфэсянаў > Глава 5