- 1. Вы самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што быў ён не бясплённы;
- 2. але хоць перад тым мы зазналі пакутаў і мелі зьнявагу ў Піліпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам Дабравесьце Божае зь вялікім подзьвігам.
- 3. Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстых намыслаў, ні хітрыны;
- 4. а, як Бог выпрабоўваў нас, даверыўшы нам зьвеставаньне, так мы і гаворым, дагаджаючы ня людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.
- 5. Бо ніколі ня было ў нас (перад вамі) ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка!
- 6. Ня шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых:
- 7. мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх.
- 8. Так мы, пра вас дбаючы, захацелі перадаць вам ня толькі Дабравесьце Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любаснымі.
- 9. Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і зьнемажэньне: уночы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі ў вас Дабравесьце Божае.
- 10. Сьведкі вы і Бог, як сьвята і праведна і бездакорна рабілі мы перад вамі, веруючымі,
- 11. бо вы ведаеце, як кожнага з вас, быццам бацька дзяцей сваіх,
- 12. мы прасілі і пераконвалі і ўгаворвалі рабіць годна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
- 13. Таму і мы бесьперастанку дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас чутае слова Божае, вы прынялі ня як слова чалавечае, а як слова Божае, - якое яно і ёсьць у ісьціне, - якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
- 14. Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,
- 15. якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца,
- 16. якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта ўвесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца.
- 17. Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае.
- 18. І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана.
- 19. Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае?
- 20. Бо вы - слава наша і радасьць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 1-е Фесаланiкiйцаў > Глава 2