• 1. І вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякаваньні за ўсіх людзей,
  • 2. за цароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні;
  • 3. бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу,
  • 4. Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны.
  • 5. Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус,
  • 6. Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне,
  • 7. дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам - праўду кажу ў Хрысьце, не маню, - настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.
  • 8. І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;
  • 9. каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,
  • 10. а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.
  • 11. Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;
  • 12. а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.
  • 13. Бо раней створаны Адам, а потым Ева;
  • 14. і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;
  • 15. аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.