- 1. Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе,
- 2. Цімафею, любаснаму сыну: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
- 3. Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленьні, што не перастаю ўспамінаць пра цябе ў малітвах маіх, удзень і ўначы,
- 4. і хачу бачыць цябе, памятаючы сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,
- 5. трымаючы ў памяці шчырую веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Лаідзе і ў маці тваёй Яўніцы; упэўнены, што яна і ў табе.
- 6. З гэтай прычыны нагадваю табе падаграваць дар Божы, які ў табе праз ускладаньне маіх рук;
- 7. бо даў нам Бог Духа ня боязі, а сілы і любові і цноты.
- 8. Дык не саромейся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ні мяне, вязьня Ягонага; а пакутуй з Дабравесьцем (Хрыстовым) сілаю Бога,
- 9. Які выратаваў нас і паклікаў званьнем сьвятым, не за дзеі нашыя, а паводле Свайго волевыяўленьня і мілаты, дадзенай нам у Хрысьце Ісусе раней адвечных часоў,
- 10. якая адкрылася цяпер зьяўленьнем Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які разбурыў сьмерць і явіў жыцьцё нятленнае праз Дабравесьце,
- 11. прапаведаваць якое я пастаўлены і апосталам і настаўнікам язычнікаў.
- 12. З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю, у Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень.
- 13. Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
- 14. Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.
- 15. Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген.
- 16. Няхай дасьць Гасподзь міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх,
- 17. а, як быў у Рыме, зь вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў.
- 18. Няхай дасьць яму Гасподзь здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а колькі ён служыў (мне) ў Эфэсе, ты лепей ведаеш.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > 2-е Цiмафея > Глава 1