• 1. Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія.
  • 2. Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя,
  • 3. непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрымлівыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра,
  • 4. здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога,
  • 5. з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх.
  • 6. Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжуюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца,
  • 7. заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня ісьціны.
  • 8. Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца ісьціне, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры.
  • 9. Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася.
  • 10. А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, веры, велікадушнасьці, любові, цяпрлівасьці.
  • 11. у ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыахіі, Іканіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Гасподзь.
  • 12. Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць прасьледавацца;
  • 13. а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды.
  • 14. А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;
  • 15. пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса.
  • 16. Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
  • 17. каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.