- 1. Абрагам падняўся адтуль на поўдзень і пасяліўся паміж Кадэсам і Сурам; і быў часова ў Герары.
- 2. І сказаў Абрагам пра Сарру, жонку сваю: яна сястра мая. І паслаў Авімэлэх, цар Герарскі, і ўзяў Сарру.
- 3. І прыйшоў Бог да Авімэлэха ўначы ў сьне і сказаў яму: вось, ты памрэш за жанчыну, якую ты ўзяў, бо яна мае мужа.
- 4. Авімэлэх жа не кранаў яе і сказаў: Уладару, няўжо Ты загубіш і невінаваты народ?
- 5. ці ня сам ён сказаў мне: яна сястра мая? І яна сама сказала: ён брат мой. Я зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца майго і ў чысьціні рук маіх.
- 6. І сказаў яму Бог у сьне: і Я ведаю, што ты зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца твайго, і ўтрымаў цябе ад грэху прад Мною, таму і не дапусьціў цябе дакрануцца да яе;
- 7. а цяпер вярні жонку мужу, бо ён прарок і памоліцца за цябе, і ты будзеш жывы; а калі ня вернеш, дык ведай, што канечне памрэш ты і ўсе твае.
- 8. І ўстаў Авімэлэх рана раніцай, і паклікаў усіх рабоў сваіх, і пераказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія; і людзі гэтыя вельмі напалохаліся.
- 9. І паклікаў Авімэлэх Абрагама і сказаў яму: што ты з намі зрабіў? чым зграшыў я супроць цябе, што навёў быў на мяне і на царства маё вялікі грэх? ты ўчыніў мне дзеі, якіх ня ўчыняюць.
- 10. І сказаў Авімэлэх Абрагаму: які ты меў намер, калі ўчыняў гэтую дзею?
- 11. Абрагам сказаў: я падумаў, што няма ў месцы гэтым страху Божага, і заб'юць мяне за жонку маю;
- 12. ды яна і сапраўды сястра мне: яна дачка бацькі майго, толькі не дачка маці маёй; і зрабілася маёю жонкаю;
- 13. калі Бог павёў мяне вандраваць з дому бацькі майго, дык я сказаў ёй: зрабі мне гэтую ласку, у якое ні прыйдзем мы месца, усюды кажы пры мне: гэта брат мой.
- 14. І ўзяў Авімэлэх дробнага і буйнога быдла, і рабоў і рабыняў, і даў Абрагаму; і вярнуў яму Сарру, жонку ягоную.
- 15. І сказаў Авімэлэх: вось, зямля мая перад табою; жыві, дзе табе заўгодна.
- 16. І Сарры сказаў: вось, я даў брату твайму тысячу сікляў срэбра; вось, гэта табе покрывала на вочы перад усімі, хто з табою, і перад усімі ты апраўданая.
- 17. І памаліўся Абрагам Богу, і ацаліў Бог Авімэлэха, і жонку ягоную, і рабыняў ягоных, і яны пачалі радзіць;
- 18. бо замкнуў Гасподзь кожнае чэрава ў доме Авімэлэха за Сарру, жонку Абрагамаву.
Ничего нет для сопоставления.