< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50

Глава 43

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Голад памацнеў на зямлі.
  • 2. І калі яны зьелі хлеб, прывезены зь Егіпта, тады бацька іхні сказаў ім: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы.
  • 3. І сказаў яму Юда, кажучы: той чалавек рашуча заявіў нам, сказаўшы: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.
  • 4. Калі пашлеш з намі брата нашага, дык пойдзем і купім табе ежы;
  • 5. а калі не пашлеш, дык ня пойдзем; бо той чалавек сказаў нам: не яўляйцеся да мяне перад аблічча, калі брата вашага ня будзе з вамі.
  • 6. Ізраіль сказаў: навошта вы зрабілі мне такое ліха, сказаўшы таму чалавеку, што ў вас ёсьць яшчэ брат?
  • 7. Яны сказалі: распытваў той чалавек пра нас і пра радзіну нашу, кажучы: ці жывы яшчэ бацька ваш? ці ёсьць у вас брат? Мы і расказалі яму паводле гэтых роспытаў. Ці ж маглі мы ведаць, што ён скажа: прывядзеце брата вашага?
  • 8. А Юда сказаў Ізраілю, бацьку свайму: пусьці хлопца са мною; і мы ўстанем і пойдзем, і жывыя будзем і не памром і мы і дзеці нашыя;
  • 9. я адказваю за яго, з маіх рук спатрабуеш яго; калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад абліччам тваім, дык застануся я вінаваты перад табою на ўсе дні жыцьця:
  • 10. калі б мы не марудзілі, дык ужо схадзілі б два разы.
  • 11. Ізраіль, бацька іхні, сказаў ім: калі так, дык вось што зрабеце: вазьмеце з сабою пладоў зямлі гэтай, і занясеце ў дарунак чалавеку таму крыху бальзаму і крыху мёду, стыраксы і ладану, фісташкаў і мандальных арэхаў;
  • 12. вазьмеце і другое срэбра ў рукі вашыя; а срэбра пакладзенае назад у мяшкі вашыя, вярнеце рукамі вашымі: магчыма, гэта недагляд;
  • 13. і брата вашага вазьмеце і ўстаўшы ідзеце зноў да чалавека таго;
  • 14. а Бог Усемагутны няхай дасьць вам прыдбаць ласку ў чалавека таго, каб ён адпусьціў вас і другога брата вашага і Веньяміна.
  • 15. І ўзялі тыя людзі дарункі гэтыя, і срэбра ўдвая ўзялі ў рукі свае, і Веньяміна, і ўсталі, і пайшлі ў Егіпет і сталі перад абліччам Язэпа.
  • 16. Язэп, убачыўшы сярод іх Веньяміна, сказаў начальніку дома свайго: увядзі гэтых людзей у дом, і закалі што-небудзь з быдла, і прыгатуй, бо са мною будуць есьці гэтыя людзі апоўдні.
  • 17. І зрабіў чалавек той, як сказаў Язэп, і ўвёў чалавек той людзей гэтых у дом Язэпаў.
  • 18. Спалохаліся людзі гэтыя, што ўвялі іх у дом Язэпаў, і сказалі: гэта за срэбра, вернутае раней у мяхі нашыя, увялі нас, каб прычапіцца да нас і напасьці на нас, і ўзяць нас у няволю, і аслоў нашых.
  • 19. І падышлі яны да правадыра дома Язэпавага, і пачалі гаварыць яму каля дзьвярэй дома,
  • 20. і сказалі: паслухай, спадару наш, мы прыходзілі ўжо раней купляць ежу,
  • 21. і сталася, што, калі прыйшлі мы на начлег і адкрылі мяшкі нашыя, - вось срэбра кожнага ў мяшку ягоным, срэбра наша паводле вагі сваёй, і мы вяртаем яго сваімі рукамі;
  • 22. а на куплю ежы мы прынесьлі іншае срэбра ў руках нашых; мы ня ведаем, хто паклаў срэбра нашае ў мяшкі нашыя.
  • 23. Ён сказаў: будзьце спакойныя, ня бойцеся; Бог ваш і Бог бацькі вашага даў вам скарб у мяшках вашых; срэбра ваша дайшло да мяне. І прывёў да іх Сымона.
  • 24. І ўвёў той чалавек людзей гэтых у дом Язэпаў і даў вады, і яны абмылі ногі свае; і задаў корму аслам іхнім.
  • 25. І яны падрыхтавалі дарункі да прыходу Язэпа апоўдні, бо чулі, што там будзе есьці хлеб.
  • 26. І прыйшоў Язэп дамоў; і яны прынесьлі яму ў дом дарункі, якія былі на руках іхніх, і пакланіліся яму да зямлі.
  • 27. Ён распытаўся ў іх пра здароўе і сказаў: ці здаровы бацька ваш стары, пра якога вы казалі? ці жывы ён яшчэ?
  • 28. Яны сказалі: здаровы раб твой, бацька наш? І схіліліся яны і пакланіліся.
  • 29. І падняў вочы свае Язэп, і ўбачыў Веньяміна, брата свайго, сына маці сваёй, і сказаў: гэта брат ваш меншы, пра якога вы казалі мне? І сказаў: хай будзе ласка Божая з табою, сыне мой!
  • 30. І сьпешна сышоў Язэп, бо закіпела любоў да брата ягонага, і ён гатовы быў заплакаць, і ўвайшоў ён ва ўнутраны пакой і плакаў там.
  • 31. І ўмыўшы твар свой, выйшаў, і стрымаўся і сказаў: падавайце ежу.
  • 32. І падалі яму асобна, і ім асобна, і Егіпцянам, якія палуднавалі зь ім, бо Егіпцяне ня могуць есьці з Габрэямі, таму што гэта мярзота ў Егіпцян.
  • 33. І селі яны перад ім, першародны паводле першародства ягонага, і малодшы паводле маладосьці ягонай, і дзівіліся гэтыя людзі адзін перад адным.
  • 34. І пасылалі ім стравы ад яго, і доля Веньяміна была ў пяць разоў большая за долю кожнага зь іх. І пілі, і даволі пілі яны зь ім.
Ничего нет для сопоставления.