- 1. І паклікаў Якаў сыноў сваіх і сказаў: зьбярэцеся, і я абвяшчу вам, што будзе з вамі ў апошнія дні;
- 2. сыдзецеся і паслухайце, сыны Якава, паслухайце Ізраіля, бацьку вашага.
- 3. Рувім, першынец мой! ты - цьвярдыня мая і пачатак сілы маёй, вяршыня годнасьці і вяршыня магутнасьці;
- 4. але ты бушаваў, як вада; ды ня ўтрымаешся; бо ты ўзышоў на ложак бацькі твайго, ты апаганіў пасьцель маю, на якую ўзышоў.
- 5. Сымон і Левій браты, прылады жорсткасьці мячы іхнія;
- 6. у раду іхнюю хай ня ўвойдзе душа мая, і ў зборы іхнія хай ня ўлучыцца слава мая; бо яны ў гневе сваім забілі мужа і ў сваволі сваёй перарэзалі жылы цяльцу;
- 7. праклён гневу іхняму, бо ён жорсткі, і лютасьці іхняй, бо шалёная; падзялю іх у Якаве і расьсею іх у Ізраілі.
- 8. Юда! цябе праславяць браты твае. Рука твая на хрыбце тваіх ворагаў; паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
- 9. Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся. Схіліўся ён, лёг, як леў і як ільвіца: хто падыме яго?
- 10. Не адыдзе скіпетр ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў.
- 11. Ён прывязвае да вінаграднай лазы асьляня сваё і да лазы лепшага вінаграду сына асьліцы сваёй; мые ў віне вопратку сваю і ў крыві гронак адзеньне сваё;
- 12. бліскучыя вочы ад віна, і белыя зубы ад малака.
- 13. Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай, і межы яго да Сідона.
- 14. Ты, Ісахар, як дужы ўючны асёл, на якога цяжар пакладзены.
- 15. І ўбачыш ты, што спакой табе добры і зямля корміць: схіліш сьпіну сваю пад цяжарам і будзеш насіць, каб жыць бяз клопату, - такая плата твая.
- 16. Дан будзе судзіць народ свой, як адно з каленаў Ізраіля;
- 17. Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху, што раніць ногу каню, так што верхавец яго ўпадзе ніцма.
- 18. На дапамогу тваю спадзяюся, Госпадзе!
- 19. Гад, - натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах.
- 20. Асіру - занадта тлусты хлеб ягоны, і ён будзе дастаўляць царскія прысмакі.
- 21. Напталім - вольная касуля, гаварыцьмеш прыгожыя словы.
- 22. Язэп - парастак пладаноснага дрэва, парастак пладаноснага дрэва над крыніцай; гольле яго раскінулася над сьцяною.
- 23. Немарасьцілі яго, і стралялі ў яго і варагавалі супроць яго лучнікі;
- 24. але цьвёрды застаўся лук ягоны, і моцныя мышцы рук ягоных, ад рук магутнага Бога Якаўлевага. Адтуль Пастыр і цьвярдыня Ізраілевая,
- 25. ад Бога бацькі твайго, Які хай дапаможа табе, і ад Усемагутнага, Які і хай дабраславіць цябе дабраславеньнямі нябеснымі згары, дабраславеньнямі бездані, якая ляжыць унізе, дабраславеньнямі саскоў і ўлоньня,
- 26. дабраславеньнямі бацькі твайго, якія перавышаюць дабраславеньні гор старадаўніх і даброты пагоркаў вечных; хай будуць яны на галаве ў Язэпа і на цемені выбранага спаміж братоў сваіх.
- 27. Веньямін драпежны воўк, раніцай будзе есьці лавітву і ўвечары будзе дзяліць здабычу.
- 28. Вось усе дванаццаць каленаў Ізраілевых; і вось, што сказаў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і даў ім дабраславеньне, кожнаму сваё.
- 29. І наказаў ён ім і сказаў ім: я прыкладаюся да народу майго; пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры, якая на полі Эфрона Хэтэяніна,
- 30. у пячоры, якая на полі Махпэла, што перад Мамрэ, у зямлі Ханаанскай, якую купіў Абрагам з полем у Эфрона Хэтэяніна ва ўласнасьць для пахаваньня;
- 31. Там пахавалі Абрагама і Сарру, жонку ягоную; там пахавалі Ісаака і Рэбэку, жонку ягоную; і там пахаваў я Лію;
- 32. гэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хэтэевых.
- 33. І скончыў Якаў наказы сынам сваім, і згарнуў ногі свае ў ложак, і сканаў, і прылучаны быў да народу свайго.
Ничего нет для сопоставления.