- 1. У сыноў Рувімавых і ў сыноў Гадавых статкаў было вельмі многа; і ўбачылі яны, што зямля Язэр і зямля Галаад ёсьць месца прыдатнае статкам;
- 2. і прыйшлі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі Майсею і Элеазару і князям супольства, кажучы:
- 3. Атарот і Дывон, і Язэр і Німра, і Эсэвон і Элале, і Сэвам і Нэво і Вэон.
- 4. зямля, якую Гасподзь пабіў перад супольствам Ізраілевым, ёсьць зямля прыдатная для статкаў, а ў рабоў тваіх ёсьць статкі.
- 5. І сказалі: калі мы здабылі ўпадабаньне ў вачах тваіх, аддай зямлю гэтую рабам тваім у валоданьне; не пераводзь нас праз Ярдан.
- 6. І сказаў Майсей сынам Гадавым і сынам Рувімавым: браты вашыя пойдуць на вайну, а вы застанецеся тут?
- 7. дзеля чаго вы ўхіляеце сэрца сыноў Ізраілевых ад пераходу ў зямлю, якую дае ім Гасподзь?
- 8. так рабілі бацькі вашыя, калі я пасылаў іх з Кадэс-Варні на агляд зямлі:
- 9. яны даходзілі да даліны Эсхол, і бачылі зямлю і ўхілілі сэрца сыноў Ізраілевых, каб ня йшлі яны ў зямлю, якую Гасподзь дае ім;
- 10. і запалаў таго дня гнеў Госпада, і пакляўся ён, кажучы:
- 11. людзі гэтыя, якія выйшлі зь Егіпта, ад дваццаці гадоў і вышэй, не пабачаць зямлі, пра якую я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, бо яны ня слухаліся Мяне,
- 12. апрача Халева, сына Ефаніінага, Кенэзэяніна, і Ісуса, сына Нававага, бо яны слухаліся Госпада.
- 13. І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і вадзіў Ён іх па пустыні сорак гадоў, пакуль ня скончыўся ўвесь род, які ўчыніў зло ў вачах Гасподніх.
- 14. І вось, замест бацькоў вашых паўсталі вы, выродзьдзе грэшнікаў, каб узмацніць яшчэ больш лютасьць гневу Гасподняга на Ізраіля.
- 15. Калі вы адвернецеся ад Яго, дык Ён зноў пакіне яго ў пустыні, і вы згубіце ўвесь народ гэты.
- 16. І пайшлі яны да яго і сказалі: мы пабудуем тут авечыя кашары для статкаў нашых і гарады дзецям нашым;
- 17. а самыя мы першыя ўзброімся і пойдзем перад сынамі Ізраілевымі, пакуль не прывядзём іх у мясьціны іхнія; а дзеці нашыя няхай застануцца ва ўмацаваных гарадах дзеля бясьпекі ад жыхароў зямлі;
- 18. ня вернемся ў дамы нашыя, пакуль ня ўступяць сыны Ізраілевыя кожны ў надзел свой;
- 19. бо мы ня возьмем зь імі надзелу па той бок Ярдана і далей, калі надзел нам дастанецца па гэты бок Ярдана, на ўсход.
- 20. І сказаў ім Майсей: калі вы гэта зробіце, калі ўзброеныя пойдзеце на вайну перад Госпадам,
- 21. і пойдзе кожны з вас узброены за Ярдан перад Госпадам, пакуль ня зьнішчыць Ён ворагаў Сваіх перад Сабою,
- 22. і ўпакорана будзе зямля перад Госпадам, дык потым вернецеся і будзеце невінаватыя перад Госпадам і перад Ізраілем, і будзе зямля гэтая ў вас у валоданьні перад Госпадам;
- 23. а калі ня зробіце так, дык згрэшыце перад Госпадам і зьведаеце кару за грэх ваш, якая спасьцігне вас;
- 24. будуйце сабе гарады дзецям вашым і кашары авечкам вашым і рабеце, што вымаўлена вуснамі вашымі.
- 25. І сказалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя Майсею: рабы твае зробяць, як загадвае гаспадар наш;
- 26. дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла наша застануцца тут у гарадах Галаада,
- 27. а рабы твае, усе ўзброіўшыся, як ваяры, пойдуць перад Госпадам на вайну, як кажа гаспадар наш.
- 28. І даў Майсей пра іх загад Элеазару сьвятару і Ісусу, сыну Нава, і правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых,
- 29. і сказаў ім Майсей: калі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя пяройдуць з вамі за Ярдан, усе ўзброіўшыся на вайну перад Госпадам, і ўпакорана будзе перад вамі зямля, дык аддайце ім зямлю Галаад у валоданьне;
- 30. а калі ня пойдуць яны з вамі ўзброеныя, і яны атрымаюць валоданьне разам з вамі ў зямлі Ханаанскай.
- 31. І адказвалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі: як сказаў Гасподзь рабам тваім, так і зробім;
- 32. мы пойдзем узброеныя перад Госпадам у зямлю Ханаанскую, а надзел валоданьня нашага хай будзе па гэты бок Ярдана.
- 33. І аддаў Майсей ім, сынам Гадавым і сынам Рувімавым, і палавіне племя Манасіі, сына Язэпавага, царства Сігона, цара Амарэйскага, і царства Ога, цара Васанскага, зямлю з гарадамі яе і навакольлем, гарады зямлі ва ўсе бакі.
- 34. І пабудавалі сыны Гадавыя Дывон і Атарот і Араэр,
- 35. і Атарот-Шотан і Язэр і Ёгбэгу,
- 36. і Бэт-Німру і Бэт Гаран, гарады ўмацаваныя і кашары авечкам.
- 37. і сыны Рувімавыя пабудавалі Эсэвон, Элэале, Кірыятаім,
- 38. і Нэво і Ваал-Мэон, назвы якіх пераменены, і Сімву, і далі назвы гарадам, якія яны пабудавалі.
- 39. І пайшлі сыны Махіра, сына Манасіінага, у Галаад, і ўзялі яго, і выгналі Амарэяў, якія былі ў ім;
- 40. і аддаў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасіінаму, і ён пасяліўся ў ім.
- 41. І Яір, сын Манасіін, пайшоў і ўзяў селішчы іхнія, і назваў іх: селішчы Яіравыя.
- 42. І Новах пайшоў і ўзяў Кенат і залежныя ад яго гарады, і назваў яго сваім імем: Новах.
Ничего нет для сопоставления.