- 1. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
- 2. загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, дык вось зямля, якая дастанецца вам у надзел, зямля Ханаанская зь яе межамі:
- 3. паўднёвы бок будзе ў вас ад пустыні Сін, каля Эдома, і пойдзе ў вас паўднёвая мяжа ад канца Салёнага мора з усходу,
- 4. і пойдзе мяжа на поўдзень да ўзвышша Акравіма і пойдзе праз Сін, і будуць выступы яе на поўдзень да Кадэс-Варні, адтуль пойдзе да Гацар-Адара і пройдзе праз Ацмон;
- 5. ад Ацмона пойдзе мяжа да патока Егіпецкага, і будуць выступы яе да мора;
- 6. а мяжою заходняю будзе ў вас вялікае мора: гэта будзе ў вас мяжа на захад;
- 7. а на поўнач будзе ў вас мяжа: ад вялікага мора правядзеце яе да гары Ор,
- 8. ад гары Ор правядзеце да Эмата, і будуць выступы мяжы да Цэдада;
- 9. адтуль пойдзе мяжа да Цыфрона, і выступы яе будуць да Гацар-Энана: гэта будзе ў вас мяжа паўночная;
- 10. мяжу ўсходнюю правядзеце сабе ад Гацар-Энана да Шэфама,
- 11. ад Шэфама пойдзе мяжа да Рыблы, з усходняга боку Аіна, потым пойдзе мяжа і кранецца берагоў мора Кінэрэт з усходняга боку;
- 12. і пойдзе мяжа да Ярдана, і будуць выступы яе да Салёнага мора. Гэта будзе мяжа ваша ў межах яе з усіх бакоў.
- 13. І загадаў Майсей сынам Ізраілевым і сказаў: вось зямля, якую вы падзеліце на надзелы па жэрабі, якую загадаў Гасподзь даць дзевяці плямёнам і палавіне племя;
- 14. бо племя сыноў Рувімавых паводле сямействаў іхніх, і племя сыноў Гадавых паводле сямействаў іхніх, і палавіна племя Манасіінага, атрымалі надзел свой;
- 15. два плямёны і палавіна племя атрымалі надзел свой за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.
- 16. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
- 17. вось імёны мужоў, якія будуць дзяліць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў;
- 18. і па адным князі ад племя вазьмеце для падзелу зямлі.
- 19. І вось імёны гэтых мужоў: для племя Юдавага Халеў, сын Ефаніін;
- 20. для племя сыноў Сымонавых Самуіл, сын Аміудаў;
- 21. для племя Веньямінавага Элідад, сын Кіслонаў;
- 22. для племя сыноў Данавых князь Букій, сын Ёгліі;
- 23. для сыноў Язэпавых, для племя сыноў Манасііных князь Ханііл, сын Эфодаў;
- 24. для племя сыноў Яфрэмавых князь Кемуіл, сын Шыфтанаў;
- 25. для племя сыноў Завулонавых князь Эліцафан, сын Фарнакаў;
- 26. для племя сыноў Ісахаравых князь Фалтыіл, сын Азанаў;
- 27. для племя сыноў Асіравых князь Ахіуд, сын Шэломія;
- 28. для племя сыноў Нэфталімавых князь Пэдаіл, сын Аміудаў;
- 29. вось тыя, каму загадаў Гасподзь падзяліць надзелы сынам Ізраілевым у зямлі Ханаанскай.
Ничего нет для сопоставления.