- 1. Вось словы запавету, які Гасподзь загадаў Майсею пастанавіць з сынамі Ізраілевымі ў зямлі Маавіцкай, акрамя запавету, які Гасподзь пастанавіў зь імі на Харыве.
- 2. І склікаў Майсей усіх сыноў Ізраілевых і сказаў ім: мы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь перад вачыма вашымі ў зямлі Егіпецкай з фараонам і ўсімі рабамі ягонымі і ўсёю зямлёю ягонаю:
- 3. тыя вялікія сьмяротныя кары, якія бачылі вочы твае, і тыя вялікія азнакі і цуды;
- 4. але да гэтага дня ня даў вам Гасподзь сэрца, каб разумець, вачэй, каб бачыць, і вушэй, каб чуць.
- 5. Сорак гадоў вадзіў вас па пустыні і вопратка ваша на вас не знасілася, і абутак твой не стаптаўся на назе тваёй;
- 6. хлеба вы ня елі і віна і сікеру ня пілі, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Бог ваш.
- 7. І калі вы прыйшлі на месца гэта, выступіў супроць нас Сігон, цар Эсэвонскі, і Ог, цар Васанскі, каб ваяваць з намі, і мы пабілі іх;
- 8. і ўзялі зямлю іхнюю і аддалі яе ў дзялянку роду Рувімаваму і Гадаваму і палавіне роду Манасіінага.
- 9. Трымайце ж словы запавета гэтага і выконвайце іх, каб мелі вы посьпех ва ўсім, што толькі будзеце рабіць.
- 10. Усе вы сёньня стаіце прад абліччам Госпада, Бога вашага, правадыры плямёнаў вашых, старэйшыны вашыя, наглядчыкі вашыя, усе Ізраільцяне,
- 11. дзеці вашыя, жонкі вашыя, і прыхадні твае, якія ў табары тваім, ад таго, хто сячэ дровы твае, да таго, хто ваду тваю чэрпае,
- 12. каб уступіць табе ў запавет Госпада, Бога твайго, і ў прысяжны дагавор зь Ім, які Гасподзь, Бог твой, сёньня пастанаўляе табе,
- 13. каб зрабіць цябе сёньня Ягоным народам, і Яму быць табе Богам, як Ён казаў табе, і як запрысягаўся бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву.
- 14. Ня з вамі толькі аднымі я пастанаўляю гэты запавет і гэты прысяжны дагавор,
- 15. а як з тымі, якія сёньня тут з намі стаяць прад абліччам Госпада, Бога нашага, так і з тымі, якіх няма тут з намі сёньня.
- 16. Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як мы праходзілі сярод народаў, праз якія вы прайшлі,
- 17. і бачылі гідоты іхнія і балваноў іхніх, драўляных і каменных, срэбраных і залатых, якія ў іх.
- 18. Хай ня будзе сярод вас мужчыны альбо жанчыны, альбо роду, альбо племя, сэрца якіх ухілілася б сёньня ад Госпада, Бога нашага, каб хадзіць служыць багам тых народаў; хай ня будзе сярод вас кораня, што гадуе атруту і палын,
- 19. такога чалавека, які, пачуўшы словы праклёну гэтага, хваліўся б у сэрцы сваім, кажучы: "я буду шчасьлівы нягледзячы на тое, што буду хадзіць паводле волі сэрца майго"; і прападзе такім чынам сыты з галодным;
- 20. не даруе Гасподзь такому, а адразу запаліцца гнеў Госпада і лютасьць Ягоная на такога чалавека, і ўпадзе на яго ўсё пракляцьце, і сатрэ Гасподзь імя ягонае з-пад неба;
- 21. і аддзеліць яго Гасподзь на пагібель ад усіх плямёнаў Ізраілевых, адпаведна з усімі праклёнамі запавету, напісанымі ў гэтай кнізе закона.
- 22. І скажа наступны род, дзеці вашыя, якія будуць пасьля вас, і чужаземец, які прыйдзе зь зямлі далёкай, убачыўшы паразу зямлі гэтай і хваробы, якімі зьнясіліць яе Гасподзь:
- 23. серка і соль, пажарышча - уся зямля; не засяваецца і ня родзіць яна, і ня ўзыходзіць на ёй ніякай травы, як пасьля зьнішчэньня Садомы, Гаморы, Адмы і Сэваіма, якія скінуў Гасподзь у гневе Сваім і ў лютасьці Сваёй.
- 24. І скажуць усе народы: за што Гасподзь так зрабіў з гэтаю зямлёю якая вялікая лютасьць гневу Ягонага!
- 25. І скажуць: за тое, што яны пакінулі запавет Госпада, Бога бацькоў сваіх, які Ён пастанавіў зь імі, калі вывеў зь зямлі Егіпецкай,
- 26. і пайшлі і пачалі служыць іншым багам і пакланяцца ім, багам, якіх яны ня ведалі, і якіх Ён не назначаў ім:
- 27. за тое запаліўся гнеў Госпада на зямлю гэтую, і навёў Ён на яе ўсе пракляцьці, запісаныя ў гэтай кнізе,
- 28. і выкінуў іх Гасподзь зь зямлі іхнай у гневе, лютасьці і вялікім абурэньні, і кінуў іх на другую зямлю, як сёньня бачым.
- 29. Схаванае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае нам і сынам нашым давеку, каб мы выконвалі ўсе словы закона гэтага.
Ничего нет для сопоставления.