- 1. Але сыны Ізраілевыя ўчынілі злачынства і ўзялі з заклятага. Ахан, сын Хармія сына Заўдыя, сына Зары, з племя Юдавага, узяў з заклятага, і гнеў Гасподні запаліўся на сыноў Ізраіля.
- 2. Ісус зь Ерыхона паслаў людзей у Гай, што паблізу Бэт-Авэна, з усходняга боку Вэтыля, і сказаў ім: ідзеце, агледзьце зямлю. Яны пайшлі і агледзелі Гай.
- 3. І вярнуўшыся да Ісуса, сказалі яму: ня ўвесь народ хай ідзе, а няхай пойдзе каля дзьвюх тысяч альбо каля трох тысяч чалавек, і заваююць Гай; усяго народу ня шлі туды, бо тых мала там.
- 4. Дык вось, пайшло туды з народу каля трох тысяч чалавек, але яны кінуліся наўцёкі ад жыхароў Гайскіх;
- 5. жыхары Гайскія забілі зь іх каля трыццаці шасьці чалавек і гналі іх ад брамы да Сэварым і разьбілі іх на спуску з гары; і праз гэта сэрца народу растала і зрабілася, як вада.
- 6. Ісус разадраў вопратку на сабе і ўпаў тварам сваім на зямлю перад каўчэгам Гасподнім і ляжаў да самага вечара, ён і старэйшыны Ізраільскія і пасыпалі пылам галовы свае.
- 7. І сказаў Ісус: о, Госпадзе Ўладару! навошта Ты перавёў народ гэты празь Ярдан, каб аддаць нас у рукі Амарэям і загубіць нас? о, калі б мы засталіся і жылі за Ярданам!
- 8. О, Госпадзе! што сказаў мне пасьля таго, як Ізраіль павярнуўся ад ворагаў сваіх?
- 9. Хананэі і ўсе жыхары зямлі пачуюць і акружаць нас і вынішчаць імя наша зь зямлі. І што зробіш тады імю Твайму вялікаму?
- 10. Гасподзь сказаў Ісусу: устань, навошта ты ўпаў на твар твой?
- 11. Ізраіль зграшыў, і пераступілі яны наказ Мой, які Я запавядаў ім; узялі з заклятага, і ўкралі, і ўтоілі і паклалі паміж сваімі рэчамі;
- 12. за гэта сыны Ізраілевыя не маглі ўстояць перад ворагамі сваімі, бо яны падупалі праклёну; ня буду болей з вамі, калі ня зьнішчыце з асяродзьдзя вашага заклятага.
- 13. Устань, асьвяці народ і скажы: асьвяцецеся да раніцы, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: "заклятае сярод цябе, Ізраіле; таму ты ня можаш устояць перад ворагамі тваімі, пакуль ня выдаліш спаміж сябе праклятага";
- 14. заўтра падыходзьце паводле плямёнаў вашых; а племя, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па родах; род, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць пасямейна; сям'я, на якую пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па адным чалавеку;
- 15. і выкрытага ў рабаваньні заклятага няхай спаляць агнём, яго і ўсё, што ў яго, за тое, што ён пераступіў наказ Гасподні і ўчыніў беззаконьне сярод Ізраіля.
- 16. Ісус, устаўшы рана раніцай, загадаў Ізраілю падыходзіць паводле плямёнаў, і ўказана племя Юдава;
- 17. потым загадаў падыходзіць плямёнам Юдавым, і ўказана племя Зары; загадаў падыходзіць племю Зараваму пасямейна, і ўказана сям'я Заўдыева;
- 18. загадаў падыходзіць сямейству ягонаму па адным чалавеку, і ўказаны Ахан, сын Хармія, сына Заўдыя, сына Зары, з роду Юдавага.
- 19. Тады Ісус сказаў Ахану: сыне мой! узьнясі славу Госпаду Богу Ізраілеваму і зрабі перад Ім споведзь і абвясьці мне, што ты зрабіў; ня ўтоі ад мяне.
- 20. У адказ Ісусу Ахан сказаў: праўда, я зграшыў перад Госпадам Богам Ізраілевым і зрабіў тое і тое:
- 21. сярод здабычы ўбачыў я адну прыгожую Сэнарскую адзежыну і дзьвесьце сікляў срэбра і зьлітак золата вагою ў пяцьдзясят сікляў; гэта мне спадабалася, і я ўзяў гэта; і вось, яно схавана ў зямлі сярод намёта майго, і срэбра пад ім на сподзе.
- 22. Ісус паслаў людзей і яны пабеглі ў намёт; і вось, усё гэта схавана было ў намёце ягоным, і срэбра пад ім на сподзе.
- 23. Яны ўзялі гэта з намёта і прынесьлі да Ісуса і да ўсіх сыноў Ізраілевых і паклалі перад Госпадам.
- 24. Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім узялі Ахана, сына Зарынага, і срэбра, і вопратку, і зьлітак золата, і сыноў ягоных і дочак ягоных, і валоў ягоных і аслоў ягоных, і авечак ягоных і намёт ягоны, і ўсё, што ў яго было, і вывелі іх у даліну Ахор.
- 25. І сказаў Ісус: за тое, што ты навёў на нас бяду, Гасподзь на цябе наводзіць бяду ў дзень гэты. І пабілі яго ўсе Ізраільцяне камянямі, і спалілі іх агнём, і накідалі на іх каменьня.
- 26. І накідалі на яго вялікую крушню каменьня, якая ацалела і да сёньня. Пасьля гэтага аціхла лютасьць гневу Гасподняга. Якраз таму і называецца мясьціна далінаю Ахора да сёньня.
Ничего нет для сопоставления.