- 1. Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.
- 2. І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.
- 3. І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.
- 4. Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?
- 5. Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.
- 6. І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.
- 7. Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды - любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось - праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось - лямант.
- 8. Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі.
- 9. У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя - зьбязьлюдзеюць;
- 10. дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу.
- 11. Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном;
- 12. і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць.
- 13. За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю.
- 14. За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх.
- 15. І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць;
- 16. А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе.
- 17. І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў.
- 18. Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх - як бы ляйчынамі калясьнічнымі;
- 19. якія кажуць: "Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!"
- 20. Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро - злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло - цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае - горкім!
- 21. Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою!
- 22. Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой,
- 23. якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага!
- 24. Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага.
- 25. За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая.
- 26. І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, - і вось, ён лёгка і скора прыйдзе;
- 27. і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным;
- 28. стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура;
- 29. рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ.
- 30. І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось - цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.
Ничего нет для сопоставления.