- 1. І слова, якое было Ераміі пра ўвесь народ Юдэйскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, - гэта быў першы год Навухаданосара, цара Вавілонскага, -
- 2. і якое прарок Ерамія прамовіў да ўсяго народа Юдэйскага і да ўсіх жыхароў Ерусаліма і сказаў:
- 3. ад трынаццатага года Ёсіі сына Амонавага, цара Юдэйскага, да гэтага дня, - вось ужо дваццаць тры гады, - было мне слова Гасподняе, і я з самае раніцы прамаўляў вам, - і вы ня слухалі.
- 4. Гасподзь пасылаў да вас усіх рабоў Сваіх прарокаў, з самае раніцы пасылаў, - і вы ня слухалі і ня прыхілялі вуха свайго, каб слухаць.
- 5. Вам казалі: "адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і ад благіх дзеяў сваіх і жывеце на зямлі, якую Гасподзь даў вам і бацькам вашым адвеку навечна;
- 6. І не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявеце Мяне дзеямі рук сваіх, і не зраблю вам благога".
- 7. Але вы ня слухаліся Мяне, кажа Гасподзь, гневячы Мяне дзеямі рук сваіх, на злосьць сабе.
- 8. Таму так кажа Гасподзь Саваоф: за тое, што вы ня слухалі словаў Маіх,
- 9. вось Я пашлю і вазьму ўсе плямёны паўночныя, кажа Гасподзь, і пашлю да Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і прывяду іх на зямлю гэтую і на жыхароў яе і на ўсе навакольныя народы; і цалкам вынішчу іх і зраблю іх жахам і пасьмешышчам і вечным запусьценьнем.
- 10. І спыню іх голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты, гук жорнаў і сьвятло сьвяцільні.
- 11. І ўся зямля гэтая будзе пустыняю і жахам; і народы гэтыя будуць служыць цару Вавілонскаму семдзесят гадоў.
- 12. І будзе: калі споўніцца семдзесят гадоў, пакараю цара Вавілонскага і той народ, кажа Гасподзь, за іх бязбожнасьць, і зямлю Халдэйскую, і зраблю яе вечнаю пустыняю.
- 13. І спраўджу над тою зямлёю ўсе словы Мае, якія Я прамовіў на яе, усё напісанае ў гэтай кнізе, што Ерамія прароча вымавіў на ўсе народы,
- 14. бо і іх паняволяць шматлікія народы і цары вялікія; і Я дам ім паводле іх учынкаў, паводле дзеяў рук іхніх.
- 15. Бо так сказаў мне Гасподзь Бог Ізраілеў: вазьмі з рукі Маёй чару гэтую зь віном лютасьці і напаі зь яе ўсе народы, да якіх Я пасылаю цябе.
- 16. І яны вып'юць і будуць хістацца і звар'яцеюць, убачыўшы меч, які Я пашлю на іх.
- 17. І ўзяў я чару з рукі Гасподняй і напаіў зь яе ўсе народы, да якіх паслаў мяне Гасподзь:
- 18. Ерусалім і гарады Юдэйскія, і цароў яго і князёў яго, каб спустошыць іх і зрабіць жахам, пасьмешышчам і праклёнам, як і відно сёньня,
- 19. фараона, цара Егіпецкага, і слуг ягоных, і князёў яго і ўвесь народ яго,
- 20. і ўвесь зьмешаны народ, і ўсіх цароў зямлі Уца і ўсіх цароў зямлі Філістымскай, і Аскалон і Газу, і Экрон, і рэшткі Азота,
- 21. Эдома і Маава і сыноў Амонавых,
- 22. і ўсіх цароў Тыра і ўсіх цароў Сідона і цароў астравоў, якія за морам,
- 23. Дэдана і Тэму, і Буза і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях,
- 24. і ўсіх цароў Аравіі і ўсіх цароў народаў рознапляменных, што жывуць у пустыні,
- 25. усіх цароў Зімврыі і ўсіх цароў Элама, і ўсіх цароў Мідыі
- 26. і ўсіх цароў поўначы, блізкіх адзін аднаму і далёкіх, і ўсе царствы зямныя, якія - на ўлоньні зямлі, а цар Сэсаха вып'е пасьля іх.
- 27. І скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: пеце і ўпецеся, вырыгніце і ўпадзеце, і не ўставайце, угледзеўшы меч, які Я пашлю на вас.
- 28. Калі ж яны будуць адмаўляцца браць чарку з рукі тваёй, каб піць, дык скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: вы канечне піцьмеце.
- 29. Бо вось на горад гэты, на якім напісана Маё імя, я пачынаю наводзіць бедства; і ці вы застанецеся непакараныя? Не, не застанецеся непакараныя; бо Я наклікаю меч на ўсіх жыхароў зямлі, кажа Гасподзь Саваоф.
- 30. Таму вымаві на іх усе словы гэтыя і скажы ім: Гасподзь загрыміць з вышыні і з жытлішча сьвятыні Сваёй падасьць голас Свой; страшна загрыміць на селішча Сваё; як тыя, што топчуць у чавільні, усклікне на ўсіх жыхароў зямлі.
- 31. Шум дойдзе да канцоў зямлі; бо ў Госпада спаборства з народамі: Ён будзе судзіцца з кожнаю плоцьцю, бязбожных ён аддасьць мечу, кажа Гасподзь.
- 32. Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, бедства пойдзе ад народа да народа, і вялікая віхура падымецца ад краёў зямлі.
- 33. І будуць пабітыя Госпадам у той дзень - ад канца зямлі да канца зямлі, ня будуць аплаканыя і ня будуць прыбраныя і пахаваныя, гноем будуць на ўлоньні зямлі,
- 34. Галасеце, пастыры, і стагнеце, і пасыпайце сябе пылам, правадыры статку; бо споўніліся дні вашыя для заколу і расьсеяньня вашага, і паб'яцеся, як дарагі посуд.
- 35. І ня будзе прыстанішча пастырам і ратунку важакам статку.
- 36. Чуцен енк пастыраў і галашэньне важакоў статку, бо спустошыў Гасподзь пашу іхнюю.
- 37. Вынішчаюцца мірныя селішчы ад лютасьці гневу Гасподняга.
- 38. Ён пакінуў жытлішча Сваё, як леў; і зямля іхняя зрабілася пусткаю ад лютасьці спусташальніка і ад палымянага гневу Ягонага.
Ничего нет для сопоставления.