- 1. Слухайце слова Гасподняе, сыны Ізраілевыя; бо суд у Госпада з жыхарамі гэтай зямлі, бо няма ні праўды, ні міласэрнасьці, ні Богаспазнаньня на зямлі.
- 2. Прысяга і падман, забойства і крадзёж і пералюбнасьць вельмі пашырыліся, і праліцьцё крыві ідзе сьледам за праліцьцём крыві.
- 3. За гэта заплача зямля гэтая і змогуцца ўсе, хто жыве на ёй, са зьвярамі польнымі і птушкамі нябеснымі, нават і рыбы марскія загінуць.
- 4. Але ніхто не спрачайся, ніхто не выкрывай другога; і твой народ - як тыя, што спрачаюцца са сьвятаром.
- 5. І ты загінеш удзень, і прарок загіне з табою ўначы, і зьнішчу маці тваю.
- 6. Вынішчаны будзе народ Мой празь недахоп выданьня: як што ты адкінуў веданьні, дык і я адкіну цябе ад сьвяшчэнадзейства перада Мною; і як ты забыў закон Бога твайго, дык і Я забуду дзяцей тваіх.
- 7. Чым болей яны памнажаюцца, тым болей грэшаць супроць Мяне; славу іхнюю абярну ў няславу.
- 8. Грахамі народу Майго кормяцца яны, і да беззаконьня яго імкнецца душа іхняя.
- 9. І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; і пакараю яго паводле шляхоў ягоных і аддам яму паводле ўчынкаў ягоных.
- 10. Будуць есьці - і не насыцяцца; будуць блудадзейнічаць - і не размножацца, бо пакінулі служэньні Госпаду.
- 11. Блуд, віно і напоі завалодалі сэрцам іхнім.
- 12. Народ Мой пытаецца ў свайго дрэва, і жазло ягонае дае яму адказ; бо дух блуду ўвёў іх у аблуду, і блудадзейнічаючы, яны адступіліся ад Бога свайго.
- 13. На вяршынях гор яны прыносяць ахвяры і на пагорках кадзяць пад дубам і таполяй і тэрафімам, бо добры ад іх цень; таму любадзейнічаюць дочкі вашыя, і пералюбы чыняць нявесткі вашыя.
- 14. Я пакіну караць дочак вашых, калі яны блудадзейнічаюць, а нявестак вашых, калі яны пералюбы чыняць, бо вы самыя - на баку блудадзеек і зь любадзейкамі прыносіце ахвяры, а невук-народ гіне.
- 15. Калі ты, Ізраіле, блудадзейнічаеш, дык хай бы не грашыў Юда; і не хадзеце ў Галгал і ня ўзыходзьце ў Бэт-Авэн і не бажэцеся: жывы Гасподзь!
- 16. Бо як упартае цяля, упарты стаў Ізраіль; ці будзе цяпер Гасподзь пасьвіць іх, як ягнят на шырокай пашы?!
- 17. Прывязаўся да ідалаў Яфрэм; пакінь яго!
- 18. Агіднае п'янства іх, зусім аддаліся блудадзейству; князі іхнія любяць сараматнае.
- 19. Ахопіць іх вецер сваімі крыламі, і пасаромеюцца яны ахвяраў сваіх.
Ничего нет для сопоставления.