- 1. Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.
- 2. пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;
- 3. неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;
- 4. а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;
- 5. і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
- 6. Але апоўначы крык пачуўся: "вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму".
- 7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.
- 8. А неразумныя мудрым сказалі: "дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць".
- 9. А мудрыя сказалі ў адказ: "каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе".
- 10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.
- 11. Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: "спадару! спадару! адчыні нам".
- 12. Ён жа сказаў ім у адказ: "праўду кажу вам: ня ведаю вас".
- 13. Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
- 14. Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:
- 15. і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.
- 16. Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;
- 17. гэтак сама і той з двума набыў другія два;
- 18. а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.
- 19. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.
- 20. І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: "Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх".
- 21. Сказаў жа яму гаспадар ягоны: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
- 22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: "гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх".
- 23. Сказаў жа яму гаспадар ягоны: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго".
- 24. Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпбў;
- 25. і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё".
- 26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпбў;
- 27. таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
- 28. Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,
- 29. бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
- 30. а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў". (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).
- 31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,
- 32. і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
- 33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч.
- 34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: "Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:
- 35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
- 36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
- 37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?
- 38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
- 39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?".
- 40. І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне".
- 41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: "ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным:
- 42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;
- 43. быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне".
- 44. Тады і яны скажуць яму ў адказ: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?"
- 45. Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне".
- 46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.
Ничего нет для сопоставления.