- 1. А адзін чалавек, якога звалі Ананія, з жонкаю сваёю Сапфіраю, прадаўшы маёмасьць,
- 2. прыхаваў з цаны, зь ведама жонкі сваёй, а пэўную частку прынёс і паклаў да ног апосталаў.
- 3. Але Пётр сказаў: Ананія! навошта ты дазволіў сатане ўкласьці ў сэрца тваё думку сказаць няпраўду Духу Сьвятому і ўтоіць з цаны за зямлю?
- 4. Чым ты валодаў, ці ж не тваё было, і набытае з продажу ці ж не ў тваім валоданьні было? навошта ж паклаў ты гэта ў сэрцы тваім? ты няпраўду сказаў ня людзям, а Богу.
- 5. Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў бяз духу; і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта.
- 6. І ўстаўшы, юнакі падрыхтавалі яго да пахаваньня і вынесьлі і пахавалі.
- 7. Гадзіны праз тры пасьля гэтага ўвайшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.
- 8. А Пётр спытаўся ў яе: скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю? Яна сказала: так, за столькі.
- 9. Але Пётр сказаў ёй: навошта змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось, каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; і цябе вынесуць.
- 10. Раптам яна ўпала каля ног ягоных і выпусьціла дух, і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую, вынесьлі і пахавалі каля мужа ейнага.
- 11. І вялікі страх агарнуў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта.
- 12. А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым;
- 13. і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх.
- 14. А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын,
- 15. так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх.
- 16. Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе.
- 17. А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю,
- 18. і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу.
- 19. Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
- 20. ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця.
- 21. Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў.
- 22. Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі,
- 23. кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога.
- 24. Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала.
- 25. А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей.
- 26. Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі;
- 27. а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы:
- 28. ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека.
- 29. А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей;
- 30. Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
- 31. Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў;
- 32. Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.
- 33. Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх.
- 34. Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час,
- 35. а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць.
- 36. Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі,
- 37. пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся;
- 38. і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея - ад людзей, дык яно разбурыцца,
- 39. а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся, каб вам ня стацца і богапраціўцамі.
- 40. Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх.
- 41. А яны пайшлі з сынедрыёна, радыя, што за імя Госпада Ісуса мелі гонар прыняць зьнявагу;
- 42. і кожны дзень у царкве і па дамах не пераставалі вучыць і зьвеставаць пра Ісуса Хрыста.
Ничего нет для сопоставления.