- 1. Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны.
- 2. Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі.
- 3. Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу;
- 4. а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам.
- 5. І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў;
- 6. іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі;
- 7. і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.
- 8. А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе.
- 9. Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам;
- 10. але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў.
- 11. Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога.
- 12. І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён,
- 13. і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон;
- 14. бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей.
- 15. І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла.
Ничего нет для сопоставления.