- 1. Празь пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія з старэйшынамі і зь нейкім прамоўцам Тэртулам, якія скардзіліся правіцелю на Паўла.
- 2. Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў вінаваціць яго, кажучы:
- 3. заўсёды і ўсюды з падзякаю шчыраю прызнаём мы, што табе, глыбокашаноўны Феліксе, абавязаны мы вялікім мірам, і дбаньню твайму - добрым ладам гэтага народу.
- 4. Але, каб дужа не дакучаць табе, прашу цябе выслухаць нас коратка з уласьцівай табе паблажлівасьцю.
- 5. Мы лічым гэтага чалавека пошасьцю грамадзтва, падбухторшчыкам бунту сярод Юдэяў, якія жывуць на сьвеце, і правадніком Назарэйскай ерасі,
- 6. які адважыўся нават апаганіць храм, мы ўзялі яго і хацелі судзіць яго паводле нашага закона.
- 7. Але тысячнік Лісій, прыйшоўшы, зь вялікім гвалтам забраў яго з рук нашых і паслаў да цябе,
- 8. загадаўшы і нам, скаржнікам яго, ісьці да цябе; ты можаш сам, разабраўшыся, даведацца ад яго пра ўсё тое, у чым мы вінавацім яго.
- 9. І Юдэі пацьвердзілі, сказаўшы, што гэта так.
- 10. А Павал, калі правіцель даў яму знак гаварыць, адказваў: ведаючы, што шмат гадоў справядліва судзіш народ гэты, я тым свабодней буду бараніць маю справу.
- 11. Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён таму назад я прыйшоў у Ерусалім на пакланеньне;
- 12. і ні ў сьвяцілішчы, ні ў сынагогах, ні ў горадзе яны ня бачылі, каб я з кім спрачаўся альбо падбухторваў людзей на бунт,
- 13. і ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне;
- 14. а ў тым прызнаюся табе, што паводле вучэньня, якое яны называюць ерасьсю, я сапраўды служу Богу бацькоў маіх, верачы напісанаму ў законе і прароках,
- 15. маючы спадзяваньне на Бога, што будзе ўваскрэсеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць;
- 16. так і сам дбаю заўсёды, каб мець беззаганнае сумленьне перад Богам і людзьмі;
- 17. праз многа гадоў я прыйшоў, каб прынесьці міласьціну народу майму і ахвяры;
- 18. пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў храме ня зь людзьмі і ня з бунтам;
- 19. а гэта былі некаторыя Асійскія Юдэі, якім варта было б стаць прад табою і зьвінаваціць мяне, калі што маюць супроць мяне;
- 20. альбо хай гэтыя самі скажуць, якую знайшлі яны ўва мне няпраўду, калі я стаў перад сынедрыёнам,
- 21. бадай што толькі тое адно слова, якое ўголас вымавіў я, стоячы сярод іх, што за вучэньне пра ўваскрэсеньне мёртвых судзіце вы сёньня мяне.
- 22. Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іхнюю справу, дакладна даведаўшыся пра гэты шлях, сказаўшы: калі прыйдзе тысячнік Лісій, я выведаю ўсё пра гэта вучэньне.
- 23. А Паўла загадаў сотніку вартаваць, але ня ўціскаць яго і не забараняць нікому зь яго блізкіх служыць яму альбо адведваць яго.
- 24. Празь некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, Юдэйкаю, паклікаў Паўла, і слухаў яго пра веру ў Ісуса Хрыста.
- 25. І як той гаварыў пра праўду, пра ўстрымлівасьць і будучы суд, дык Фелікс вельмі перапалохаўся і адказваў: цяпер ідзі, а калі выберу час, паклічу цябе.
- 26. Пры гэтым спадзяваўся ён, што Павал дасьць яму грошай, каб адпусьціў яго: таму часта яго выклікаў і гутарыў зь ім.
- 27. але праз два гады на Феліксава месца заступіў Порцый Фэст; хочучы дагадзіць Юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў кайданах.
Ничего нет для сопоставления.