- 1. Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы браты! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень.
- 2. А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах.
- 3. Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне.
- 4. А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш?
- 5. Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: "начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань".
- 6. Павал, даведаўшыся, што тут адна частка - садукеі, а другая - фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы браты! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю.
- 7. І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася.
- 8. Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое.
- 9. Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу.
- 10. Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць.
- 11. У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме.
- 12. А як разьвіднела, некаторыя Юдэі склалі змову, і прысягнулі ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць Паўла;
- 13. а было больш за сорак такіх, што так прысягнулі;
- 14. яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старэйшын, сказалі: мы клятваю запрысягнуліся ня есьці нічога, пакуль не заб'ём Паўла;
- 15. Дык вось сёньня вы з сынедрыёнам дайце знак тысячніку, каб ён заўтра вывеў яго да вас, быццам вы хочаце ўважлівей дасьледаваць справу ягоную; а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго.
- 16. Пачуўшы пра намысел гэты, сын сястры Паўлавай прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, папярэдзіў Паўла.
- 17. А Павал, паклікаўшы аднаго сотніка, сказаў: завядзі гэтага хлопца да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму.
- 18. Той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і сказаў: вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў завесьці да цябе гэтага хлопца, які мае нешта сказаць табе.
- 19. Тысячнік, узяўшы яго за руку і адышоўшыся зь ім убок, пытаўся: што такое маеш ты сказаць мне?
- 20. Ён адказваў, што Юдэі змовіліся прасіць у цябе, каб ты заўтра вывеў Паўла ў сынедрыён, быццам яны хочуць уважлівей дасьледаваць справу ягоную.
- 21. Але ты ня слухайся іх; бо яго пільнуюць больш за сорак чалавек зь іх, што запрысягнуліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго; і яны цяпер гатовыя, чакаюць твайго рашэньня.
- 22. Тады тысячнік адпусьціў хлопца, сказаўшы: нікому не кажы, што ты паведаміў мне гэта.
- 23. І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: падрыхтуйце мне воінаў пешых дзьвесьце, конных семдзесят і стралкоў дзьвесьце, каб з трэйцяй гадзіны ночы ішлі ў Кесарыю;
- 24. падрыхтуйце таксама аслоў, каб, пасадзіўшы Паўла, пераправіць яго да правіцеля Фелікса.
- 25. Напісаў і пісьмо такога зьместу:
- 26. "Клаўдзій Лісій глыбокашаноўнаму правіцелю Феліксу - радавацца;
- 27. гэтага чалавека Юдэі схапілі і гатовыя былі забіць; я, прыйшоўшы з воінамі, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін;
- 28. Потым, хочучы даведацца, за што зьвінавацілі яго, прывёў яго ў сынедрыён іхні
- 29. і выявіў, што яго вінавацяць за спрэчныя думкі адносна закону іхняга, але няма ў ім ніякае віны, вартае сьмерці альбо кайданоў.
- 30. А як да мяне дайшло, што Юдэі намышляюць ліхое на гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы і скаржнікам гаварыць на яго перад табою; будзь здаровы".
- 31. І вось воіны, паводле загаду, узяўшы Паўла, павялі сярод ночы ў Антыпатрыду,
- 32. а на другі дзень, пакінуўшы конных ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць.
- 33. А тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо правіцелю, перадалі яму і Паўла.
- 34. Правіцель, прачытаўшы пісьмо, спытаўся, зь якой ён вобласьці, і, даведаўшыся, што з Кілікіі, сказаў:
- 35. я выслухаю цябе, калі зьявяцца твае скаржнікі. І загадаў яму быць пад вартаю ў Ірадавай прэторыі.
Ничего нет для сопоставления.