- 1. І прыйшоў анёл Гасподні з Галгала ў Бохім і сказаў: так кажа Гасподзь: Я вывеў вас зь Егіпта і ўвёў вас у зямлю, якую запрысягнуў бацькам вашым, і сказаў Я: "не парушу запавету Майго з вамі вавек;
- 2. і вы ня ўступайце ў спрымірэньне з жыхарамі зямлі гэтай; ахвярнікі іхнія разбурце". Але вы не паслухаліся голасу Майго. Што гэта вы зрабілі?
- 3. І таму кажу Я: не праганю іх ад вас, і будуць яны вам пятлёю, і багі іхнія будуць вам сеткаю.
- 4. Калі анёл Гасподні сказаў словы гэтыя ўсім сынам Ізраілевым, дык народ моцна загаласіў і заплакаў.
- 5. Ад гэтага і называюць тое месца Бохім. Там прынесьлі яны ахвяру Госпаду.
- 6. Калі Ісус адпусьціў народ, і пайшлі сыны Ізраілевыя, кожны ў свой надзел, каб атрымаць у спадчыну зямлю,
- 7. тады народ служыў Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса і якія бачылі ўсе вялікія дзеі Гасподнія, якія Ён зрабіў Ізраілю.
- 8. А калі памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, як было яму сто дзесяць гадоў,
- 9. і пахавалі яго ў межах надзелу ягонага ў Тамнат-Сараі, на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша;
- 10. і калі ўвесь народ гэты адышоў да бацькоў сваіх, і паўстаў пасьля іх іншы род, які ня ведаў Госпада і дзеяў Ягоных, якія Ён рабіў Ізраілю, -
- 11. тады сыны Ізраілевыя пачалі рабіць ліхое перад вачыма Госпада і пачалі служыць Ваалам;
- 12. пакінулі Госпада Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай і павярнуліся да іншых багоў, багоў народаў, што атачалі іх, і пачалі пакланяцца ім, і разгневалі Госпада;
- 13. пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалу і Астартам.
- 14. І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі грабежнікам, і рабавалі іх; і аддаў іх у рукі ворагам, што атачалі іх, і не маглі ўжо ўстояць перад ворагамі сваімі.
- 15. Куды яны ні пойдуць, рука Гасподняя ўсюды была ім на благое, як казаў ім Гасподзь і як запрысягаўся ім Гасподзь. І ім было вельмі цесна.
- 16. І ставіў Гасподзь судзьдзяў, якія ратавалі іх ад рук рабаўнікоў іхніх;
- 17. але і судзьдзяў яны ня слухаліся, а хадзілі блудна сьледам за іншымі багамі і пакланяліся ім, хутка ўхіляліся ад шляху, якім хадзілі бацькі іхнія, слухаючыся запаведзяў Гасподніх. Яны так не рабілі.
- 18. Калі Гасподзь ставіў ім судзьдзяў, дык Сам Гасподзь быў за судзьдзёю і ратаваў іх ад ворагаў іхніх ва ўсе дні судзьдзі: бо шкадаваў іх Гасподзь, чуючы стогны іхнія ад прыгнятальнікаў і ўціскальнікаў іхніх.
- 19. Але як толькі паміраў судзьдзя, яны зноў рабілі горш за бацькоў сваіх, ухіляліся да іншых багоў, служачы ім і пакланяючыся ім. Не адставалі ад учынкаў сваіх і ад упарцістага шляху свайго.
- 20. І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і сказаў Ён: за тое, што народ гэты пераступае запавет Мой, які Я ўстанавіў з бацькамі іхнімі, і ня слухаецца голасу Майго,
- 21. і Я ня буду ўжо выганяць ад іх ніводнага з тых народаў, якіх пакінуў Ісус, калі паміраў, -
- 22. каб спакушаць імі Ізраіля: ці будуць яны трымацца шляху Гасподняга і хадзіць па ім, як трымаліся бацькі іхнія, ці не?
- 23. І пакінуў Гасподзь народы гэтыя і ня выгнаў іх неўзабаве і не аддаў іх у рукі Ісусу.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Кнгiга Судзьдзяў > Глава 2