- 1. Авімэлэх, сын Ераваалаў, пайшоў у Сіхем да братоў маці сваёй і казаў ім і ўсяму роду бацькі маці сваёй і сказаў:
- 2. голасна кажэце ўсім жыхарам Сіхемскім: што лепей вам, ці каб валодалі вамі ўсе семдзесят сыноў Ераваалавых, ці каб валодаў адзін, і ўспомніце, што я костка і плоць ваша.
- 3. Браты ягонай маці казалі пра яго ўсе гэтыя словы жыхарам Сіхемскім; і схілілася сэрца іхняе да Авімэлэха, бо яны казалі: ён брат наш.
- 4. І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Ваалвэрыта; Авімэлэх наняў на іх гультаёў і свавольных людзей, якія і пайшлі за ім.
- 5. І прыйшоў ён у дом бацькі свайго ў Офру і забіў братоў сваіх, семдзесят сыноў Ераваалавых, на адным камені. Застаўся толькі Ётам, малодшы сын Ераваалаў, бо схаваўся.
- 6. І сабраліся ўсе жыхары Сіхемскія і ўвесь дом Міло, і пайшлі і паставілі царом Авімэлэха каля дуба, што паблізу Сіхема.
- 7. Калі расказалі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыню гары Гарызіма і, узвысіўшы голас свой, крычаў і казаў ім: паслухайце мяне, жыхары Сіхема, і паслухае вас Бог!
- 8. Пайшлі неяк дрэвы памазаць над сабою цара і сказалі масьліне: царуй над намі.
- 9. Масьліна сказала ім: няўжо я пакіну тлушч мой, якім ушаноўваюць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
- 10. І сказалі дрэвы смакоўніцы: ідзі ты, царуй над намі.
- 11. Смакоўніца сказала ім: ці ж я пакіну саладосьць маю і добры плод і пайду бадзяцца па дрэвах?
- 12. І сказалі дрэвы вінаграднай лазе: ідзі ты, царуй над намі.
- 13. Вінаградная лаза сказала ім: ці ж я пакіну сок мой, які весяліць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
- 14. Нарэшце сказалі ўсе дрэвы цярноўніку: ідзі ты, царуй над намі.
- 15. Цярноўнік сказаў дрэвам: калі вы сапраўды ставіце мяне царом над сабою, дык ідзеце, пакойцеся ў цяні маім; калі ж не, дык выйдзе агонь зь цярноўніка і папаліць кедры Ліванскія.
- 16. Дык вось глядзеце, паводле ісьціны і паводле праўды вы ўчынілі, паставіўшы Авімэлэха царом? і ці добра вы зрабілі зь Ераваалам і домам ягоным, і ці адпаведна яго дабрадзействам учынілі вы?
- 17. За вас бацька мой змагаўся, не даражыў жыцьцём сваім і вызваліў вас з-пад рукі Мадыяніцянаў;
- 18. а вы цяпер паўсталі супроць дома бацькі майго і забілі семдзесят сыноў бацькі майго на адным камені і паставілі царом над жыхарамі Сіхемскімі Авімэлэха, сына рабыні ягонай, бо ён брат ваш.
- 19. Калі вы сёньня паводле ісьціны і паводле праўды ўчынілі зь Ераваалам і домам ягоным, дык радуйцеся за Авімэлэха, і хай радуецца за вас;
- 20. а калі не, дык хай выйдзе агонь з Авімэлэха і хай папаліць жыхароў Сіхемскіх і ўвесь дом Міло, і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхемскіх і з дома Міло і хай папаліць Авімэлэха.
- 21. І пабег Ётам, і ўцёк і пайшоў у Бээр, і жыў там, хаваючыся ад брата свайго Авімэлэха.
- 22. Авімэлэх жа цараваў над Ізраілем тры гады.
- 23. І паслаў Бог злога духа паміж Авімэлэхам і жыхарамі Сіхема, і перасталі карыцца жыхары Сіхемскія Авімэлэху,
- 24. каб такім чынам адбылася помста за семдзесят сыноў Ераваалавых, і кроў іхняя абярнулася на Авімэлэха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сіхемскіх, якія ўмацавалі рукі ягоныя, каб забіць братоў сваіх.
- 25. Жыхары Сіхемскія пасадзілі супроць яго ў засаду людзей на вяршынях гор, якія рабавалі кожнага, хто праходзіў міма іх па дарозе. Пра гэта данесена было Авімэлэху.
- 26. А прыйшоў і Гаал, сын Эвэдаў, з братамі сваімі ў Сіхем, і хадзілі яны па Сіхеме, і жыхары Сіхемскія даверыліся яму.
- 27. І выйшлі ў поле, і зьбіралі вінаград свой, і ціснулі ў чавілах, і ладзілі сьвяты, хадзілі ў дом бога свайго, і елі і пілі, і пракліналі Авімэлэха.
- 28. Гаал, сын Эвэдаў, казаў: хто Авімэлэх і што Сіхем, каб мы служылі яму? Служэце лепей нашчадкам Эмора, бацькі Сіхемавага, а яму навошта, каб мы служылі?
- 29. калі б хто даў народ гэты ў рукі мае, я прагнаў бы Авімэлэха. І сказана было Авімэлэху: памнож войска тваё і выходзь.
- 30. Зэвул, правадыр горада, пачуў словы Гаала, сына Эвэдавага, і запалаў гнеў ягоны.
- 31. Ён хітрым чынам адпраўляе паслоў да Авімэлэха, каб сказаць: вось Гаал, сын Эвэдаў, і браты ягоныя прыйшлі ў Сіхем, і вось, яны бунтуюць супроць цябе горад;
- 32. дык вось, устань уначы, ты і народ, які з табою, і пастаў засаду ў полі;
- 33. а раніцай, як узыходзіць сонца, устань рана і падступіся да горада; і калі ён і народ, які ў яго, выйдуць да цябе, тады рабі зь імі, што можа рука твая.
- 34. І ўстаў уначы Авімэлэх і ўвесь народ, які быў зь ім, і паставілі ў засаду каля Сіхема чатыры атрады.
- 35. Раніцай Гаал, сын Эвэдаў, выйшаў і стаў каля брамы гарадское; і ўстаў Авімэлэх і народ, які быў зь ім, з засады.
- 36. Гаал, убачыўшы народ, кажа Зэвулу: вось, народ спускаецца зь вяршыняў гор. А Зэвул сказаў яму: цень гор здаецца табе людзьмі.
- 37. Гаал зноў казаў і сказаў: вось, народ спускаецца з узвышша, і адзін атрад ідзе ад дуба Мэнаім.
- 38. І сказаў яму Зэвул: дзе вусны твае, якія казалі: "хто Авімэлэх, каб мы сталі служыць яму?" гэта той народ, якім ты пагарджаў; выходзь цяпер і падужайся зь ім.
- 39. І пайшоў Гаал наперадзе жыхароў Сіхемскіх і біўся з Авімэлэхам.
- 40. І пагнаўся за ім Авімэлэх, і пабег ён ад яго, і многа ўпала забітых да самае брамы горада.
- 41. І застаўся Авімэлэх у Аруме, а Гаала і братоў ягоных Зэвул выгнаў, каб яны ня жылі ў Сіхеме.
- 42. На другі дзень выйшаў народ у поле, і данесьлі пра гэта Авімэлэху.
- 43. Ён узяў свой народ і падзяліў яго на тры атрады і паставіў у засадзе ў полі. І ўбачыўшы, што народ выйшаў з горада, паўстаў на іх і пабіў іх.
- 44. Тым часам як Авімэлэх і атрады, што былі зь ім, падступіліся і сталі каля брамы гарадское, два другія атрады напалі на ўсіх, што былі ў полі, і забівалі іх.
- 45. І біўся Авімэлэх з горадам увесь той дзень, і ўзяў горад, і пабіў народ, што быў у ім, і разбурыў горад і засеяў яго сольлю.
- 46. Дачуўшыся пра гэта, усе: што былі ў вежы Сіхемскай, пайшлі ў вежу капішча Ваал-Вэрыта.
- 47. Авімэлэху было данесена, што сабраліся туды ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай.
- 48. І пайшоў Авімэлэх на гару Сэлмон, сам і ўвесь народ, што быў зь ім, і ўзяў Авімэлэх сякеры з сабою і насек гальля, і паклаў на плечы свае, і сказаў народу, які быў зь ім: вы бачылі, што я рабіў; хутчэй рабеце і вы тое самае, што і я.
- 49. І насек кожны з усяго народу гальля, і пайшлі за Авімэлэхам, і паклалі да вежы, і спалілі вежу агнём, і памерлі ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай, каля тысячы мужчын і жанчын.
- 50. Потым пайшоў Авімэлэх у Тэвец, і аблажыў Тэвец і ўзяў яго.
- 51. Сярод горада была вялікая вежа, і ўцякалі туды ўсе мужчыны і жанчыны і ўсе жыхары горада, і замкнуліся і ўзышлі на дах вежы.
- 52. Авімэлэх прыйшоў да вежы і атачыў яе і падышоў да дзьвярэй вежы, каб спаліць яе агнём.
- 53. Тады адна жанчына скінула абломак жарона на галаву Авімэлэху і праламала яму чэрап.
- 54. Авімэлэх адразу паклікаў хлопчыка, збраяносца свайго, і сказаў яму: агалі меч твой і ўсьмерці мяне, каб не сказалі пра мяне: жанчына забіла яго. І пракалоў яго хлопчык, і ён узяў і памёр.
- 55. Ізраільцяне, убачыўшы, што памёр Авімэлэх, пайшлі кожны ў сваё месца.
- 56. Так аддаў Бог Авімэлэху за зладзейства, якое ўчыніў бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.
- 57. І ўсе зладзействы жыхароў Сіхемскіх абярнуў Бог на галаву іх; і спасьцігла іх пракляцьце Ёфама, сына Ераваалавага.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Кнгiга Судзьдзяў > Глава 9