Глава 11

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31
  • 1. І прыйшоў Наас Аманіцянін і аблажыў Явіс Галаадскі. І сказалі ўсе жыхары Явіса Наасу: заключы з намі спрымірэнства, і мы будзем служыць табе.
  • 2. І сказаў ім Наас Аманіцянін: я ўступлю з вамі ў спрымірэнства, але дзеля таго, каб выкалаць кожнаму з вас правае вока і тым самым пакласьці няславу на ўсяго Ізраіля.
  • 3. І сказалі яму старэйшыны Явіса: дай нам тэрміну сем дзён, каб паслаць нам паслоў ва ўсе межы Ізраільскія, і калі ніхто не дапаможа нам, дык мы пойдзем да цябе.
  • 4. І прыйшлі паслы ў Гіву Саўлавую і пераказалі словы гэтыя ў вушы народу; і ўвесь народ падняў лямант і заплакаў.
  • 5. І вось, прыйшоў Саўл, ідучы за валамі, з поля і сказаў: што зрабілася з народам, што ён плача? І пераказалі яму словы жыхароў Явіса.
  • 6. І сышоў Дух Божы на Саўла, калі ён пачуў словы гэтыя, і моцна ўспалымніўся гнеў ягоны;
  • 7. І ўзяў ён пару валоў, і расьцяў іх на часткі, і паслаў ва ўсе межы Ізраільскія праз тых паслоў, абвяшчаючы, што так будзе зроблена з валамі таго, хто ня пойдзе сьледам за Саўлам і Самуілам. І напаў страх Гасподні на народ, і выступілі як адзін чалавек.
  • 8. Саўл агледзеў іх у Вэзэку, і знайшоў сыноў Ізраілевых трыста тысяч, і мужчын Юдавых трыццаць тысяч
  • 9. І сказалі прыйшлым паслам: так скажэце жыхарам Явіса Галаадскага: заўтра будзе вам дапамога, калі прыгрэе сонца. І прыйшлі паслы і абвясьцілі жыхарам Явіса, і яны зарадаваліся.
  • 10. І сказалі жыхары Явіса: заўтра выйдзем да вас, і рабеце з намі, як вам заўгодна.
  • 11. На другі дзень Саўл падзяліў народ на тры атрады, і яны праніклі ўсярэдзіну табара ў час ранішняй варты і пабілі Аманіцянаў да дзённай сьпёкі; тыя, што засталіся, расьсеяліся, так што не засталося зь іх двух разам.
  • 12. Тады сказаў народ Самуілу: хто казаў: ці ж Саўлу цараваць над намі? дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці.
  • 13. Але Саўл сказаў: у гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Гасподзь учыніў выратаваньне ў Ізраілі.
  • 14. І сказаў Самуіл народу: пойдзем у Галгал і абновім там царства.
  • 15. І пайшоў увесь народ у Галгал, і паставілі там Саўла царом прад Госпадам у Галгале, і прынесьлі там мірныя ахвяры прад Госпадам. І вельмі весяліліся там Саўл і ўсе Ізраільцяне.