Глава 22

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31
  • 1. І выйшаў Давід адтуль і ўцёк у пячору Адаламскую, і пачулі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага і прыйшлі да яго туды.
  • 2. і сабраліся да яго ўсе прыгнечаныя і ўсе пазычэнцы і ўсе засмучаныя душою, і стаўся ён начальнікам над імі: і было зь ім каля чатырохсот чалавек.
  • 3. Адтуль пайшоў Давід у Масіфу Маавіцкую і сказаў цару Маавіцкаму: няхай бацька мой і маці мая пабудуць у вас, пакуль я не даведаюся, што зробіць са мною Бог.
  • 4. І прывёў іх да цара Маавіцкага, і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у тым сховішчы.
  • 5. Але прарок Гад сказаў Давіду: не заставайся ў гэтым сховішчы, а выпраўляйся, ідзі ў зямлю Юдаву. І пайшоў Давід і прыйшоў у лес Хэрэт.
  • 6. І дачуўся Саўл, што Давід аб'явіўся і людзі, якія былі зь ім. Саўл сядзеў тады ў Гіве пад дубам на гары, зь дзідай у руцэ, і ўсе слугі ягоныя абступалі яго.
  • 7. І сказаў Саўл слугам сваім, што абступалі яго: паслухайце, сыны Веньямінавыя! няўжо ўсім вам дасьць сын Ясэя палі і вінаграднікі і ўсіх вас паставіць тысячнікамі і сотнікамі,
  • 8. што вы ўсе згаварыліся супроць мяне, і ніхто не адкрыў мне, калі сын мой уступіць у сяброўства з сынам Ясэя, і ніхто з вас не пашкадаваў мяне і не адкрыў мне, што сын мой узбудзіў супроць мяне раба майго каваць мне путы, як гэта сёньня відаць?
  • 9. І адказваў Доік Ідумэянін, які стаяў са слугамі Саўлавымі, і сказаў: я бачыў, як сын Ясэя прыходзіў у Номву да Ахімэлэха, сына Ахітува,
  • 10. і той спытаўся пра яго ў Госпада, і даў яму ежу, і меч Галіяфа Філістымляніна аддаў яму.
  • 11. І паслаў цар паклікаць Ахімэлэха, сына Ахітувавага, сьвятара, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, што ў Номве. І прыйшлі яны ўсе да цара.
  • 12. І сказаў Саўл: паслухай, сыне Ахітува. І той адказваў: вось я, гаспадару мой.
  • 13. І сказаў яму Саўл: навошта вы змовіліся супроць мяне, ты і сын Ясэя, што ты даў яму хлябы і меч і спытаўся пра яго ў Бога, каб ён паўстаў супроць мяне і каваў мне путы, як гэта сёньня відаць?
  • 14. І адказваў Ахімэлэх цару і сказаў: хто з усіх рабоў тваіх такі верны, як Давід? ён і зяць цароў, і выканаўца загадаў тваіх, і шанаваны ў доме тваім.
  • 15. Ці ж цяпер я пачаў пытацца пра яго ў Бога? Не, не вінаваць мяне за гэта, цару, раба твайго і ўвесь дом бацькі майго, бо ва ўсім гэтым ня ведае раб твой ні малога, ні вялікага.
  • 16. І сказаў цар: ты павінен памерці, Ахімэлэх, ты і ўвесь дом бацькі твайго.
  • 17. І сказаў цар целаахоўцам, якія стаялі каля яго: ідзеце, аддайце сьмерці сьвятароў Гасподніх, бо й іхняя рука з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі мне. Але слугі царовыя не хацелі падняць рук сваіх на забойства сьвятароў Гасподніх.
  • 18. І сказаў цар Доіку: ідзі ты і аддай сьмерці сьвятароў. І пайшоў Доік Ідумэянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня восемдзесят пяць мужчын, што насілі ільняны наплечнік;
  • 19. Номву, горад сьвятароў, пабіў мечам; і мужчын і жанчын, і юнакоў і дзяцей, і валоў і аслоў і авечак пабіў мечам.
  • 20. Уратаваўся адзін толькі сын Ахімэлэхаў, сына Ахітува, якога звалі Авіятар, і ўцёк да Давіда.
  • 21. І расказаў Авіятар Давіду, што Саўл забіў сьвятароў Гасподніх.
  • 22. І расказаў Давід Авіятару: я ведаў у той дзень, калі там быў Доік Ідумэянін, што ён мусова данясе Саўлу; я вінаваты за ўсе душы дома бацькі твайго;
  • 23. застанься ў мяне, ня бойся, бо хто будзе шукаць маёй душы, будзе шукаць і тваёй душы; ты будзеш у мяне пад аховай.