- 1. А Філістымляне ваявалі зь Ізраільцянамі, і пабеглі мужы Ізраільскія ад Філістымлянаў і ўпалі пабітыя на гары Гэлвуе.
- 2. І дагналі Філістымляне Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістымляне Ёнатана і Амінадава і Малхісуа, сыноў Саўлавых.
- 3. І бітва супроць Саўла сталася жорсткая, і стралкі з лукаў цалялі ў яго, і ён вельмі паранены быў стралкамі.
- 4. І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі твой меч і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і не забілі мяне і ня глуміліся зь мяне. Але збраяносец не хацеў, бо вельмі баяўся. Тады Саўл узяў меч свой і ўпаў на яго.
- 5. Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на свой меч і памёр зь ім.
- 6. Так і памёр у той дзень Саўл і тры сыны ягоныя і збраяносец ягоны, а таксама і ўсе людзі ягоныя разам.
- 7. Ізраільцяне, якія жылі ў даліне і за Ярданам, бачачы, што людзі Ізраільскія пабеглі і што памёр Саўл і сыны ягоныя, пакінулі гарады свае і беглі, а Філістымляне прыйшлі і заселі ў іх.
- 8. На другі дзень Філістымляне прыйшлі рабаваць забітых і знайшлі Саўла і трох сыноў ягоных, якія загінулі на гары Гэлвуйскай.
- 9. І адсеклі яму галаву, і зьнялі зь яго зброю і паслалі па ўсёй зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта ў капішчах ідалаў сваіх і народу;
- 10. і паклалі зброю ягоную ў капішчы Астарты, а цела яго павесілі на сьцяне Бэт-сана.
- 11. І пачулі жыхары Явіса Галаадскага пра тое, што зрабілі Філістымляне з Саўлам,
- 12. і падняліся ўсе людзі моцныя, і йшлі ўсю ноч, і ўзялі цела Саўла і целы сыноў ягоных са сьцяны Бэт-сана, і прыйшлі ў Явіс, і спалілі іх там;
- 13. і ўзялі косьці іхнія і пахавалі пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 1-я Царстваў > Глава 31