Глава 3

  • 1. І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою.
  • 2. І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго.
  • 3. А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне.
  • 4. А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі.
  • 5. І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.
  • 6. Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго.
  • 7. Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей з Галілеі, Юдэі,
  • 8. Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве.
  • 9. І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго.
  • 10. Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
  • 11. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты - Сын Божы.
  • 12. Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго.
  • 13. Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго.
  • 14. І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць,
  • 15. і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў:
  • 16. паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр;
  • 17. Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, "сыны громавыя";
  • 18. Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта
  • 19. і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго.
  • 20. Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці.
  • 21. І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе.
  • 22. А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя.
  • 23. І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану?
  • 24. Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое;
  • 25. і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той;
  • 26. і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны.
  • 27. Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны.
  • 28. Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі;
  • 29. але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе.
  • 30. Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух.
  • 31. І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.
  • 32. Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе.
  • 33. І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае?
  • 34. І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;
  • 35. бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці.