- 1. І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.
- 2. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
- 3. І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім.
- 4. А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў.
- 5. Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся.
- 6. А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі.
- 7. Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
- 8. І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім.
- 9. Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?
- 10. Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці.
- 11. Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву.
- 12. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім?
- 13. Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго!
- 14. Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!
- 15. Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.
- 16. А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк;
- 17. і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго;
- 18. і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі!
- 19. І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму.
- 20. А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго.
- 21. І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны.
- 22. І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: "месца чарапоў".
- 23. І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.
- 24. Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.
- 25. Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
- 26. І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі.
- 27. Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго.
- 28. І збылося слова Пісаньня: "і да зладзеяў залічаны".
- 29. Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе!
- 30. уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа.
- 31. Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць!
- 32. Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго.
- 33. А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
- 34. На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: "Элоі, Элоі! ламма савахфані!", што азначае: "Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?".
- 35. Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.
- 36. А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
- 37. А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.
- 38. І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.
- 39. Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
- 40. Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,
- 41. якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.
- 42. І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць - перадсубоцьце,
- 43. прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
- 44. Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?
- 45. І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
- 46. Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.
- 47. А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Марка > Глава 15