- 1. І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся.
- 2. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу - узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка;
- 3. а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым.
- 4. Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю.
- 5. І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі.
- 6. І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
- 7. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.
- 8. І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка.
- 9. Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым.
- 10. Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: "камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім:
- 11. гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых"?
- 12. І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі.
- 13. І пасылаюць да Яго некаторых фарысэяў і ірадыян, каб падлавіць Яго на слове.
- 14. А яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш ні на якія абліччы, а шчыра шляху Божаму вучыш; ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? ці даваць нам, ці не даваць?
- 15. Але Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? прынясеце Мне дынар, каб Мне бачыць яго.
- 16. Яны прынесьлі. Тады кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? яны сказалі Яму: кесаравыя.
- 17. Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзіўляліся зь Яго.
- 18. Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:
- 19. Настаўнік! Майсей напісаў нам: "калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны хай возьме жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму".
- 20. Было сем братоў: першы ўзяў жонку, і паміраючы, не пакінуў дзяцей;
- 21. узяў яе другі, і памёр, і ён не пакінуў дзяцей; гэтак сама і трэйці.
- 22. Бралі яе за сябе сямёра, і не пакінулі дзяцей. Пасьля ўсіх памерла і жонка.
- 23. Дык вось ва ўваскрэсеньні, калі ўваскрэснуць, каму зь іх будзе яна за жонку? бо сямёра яе мелі за жонку.
- 24. Ісус сказаў ім у адказ: ці не праз гэта ўпадаеце вы ў памылку, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай?
- 25. бо, калі зь мёртвых уваскрэснуць, ня будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як анёлы на нябёсах.
- 26. А пра мёртвых, што яны ўваскрэснуць, хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, калі Бог пры купіне сказаў яму: "Я Бог Абрагама і Бог Ісаака, і Бог Якава"?
- 27. Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а Бог жывых. Дык вось вы дужа памыляецеся.
- 28. Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Ісус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў?
- 29. Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: "слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсьць Гасподзь адзіны;
- 30. і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю": вось, першая запаведзь!
- 31. Другая падобная да яе: "палюбі блізкага твайго, як самога сябе"; іншае запаведзі большае за гэтыя няма.
- 32. Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма іншага, апрача Яго;
- 33. і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць блізкага, як самога сябе, ёсьць больш за ўсе ўсеспаленьні і ахвяры.
- 34. Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. Пасьля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.
- 35. Вучачы далей у храме, Ісус казаў: як кажуць кніжнікі, што Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
- 36. Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: "сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх".
- 37. Дык вось сам Давід называе Яго Госпадам: як жа Ён сын Яму? І безьліч люду Яго слухалі з асалодаю.
- 38. І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і вітаньні на сходах народных,
- 39. сядзець наперадзе ў сынагогах і ўзьляжаць на першым месцы на гасьцінах;
- 40. гэтыя, што пажыраюць дамы ўдовіныя і напаказ доўга моляцца, прымуць найцяжэйшую асуду.
- 41. І сеў Ісус насупроць скарбонкі, і глядзеў, як люд кладзе грошы ў скарбонку. Многія багатыя клалі памногу.
- 42. А прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзьве лепты, што складае кадрант.
- 43. Паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава паклала болей за ўсіх, што клалі ў скарбонку;
- 44. бо ўсе клалі ад лішку свайго, а яна ад нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Марка > Глава 12