Глава 1

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
  • 1. Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку
  • 2. аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,
  • 3. якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;
  • 4. і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;
  • 5. бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
  • 6. Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?
  • 7. А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;
  • 8. а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.
  • 9. Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх.
  • 10. І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні
  • 11. і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.
  • 12. Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.
  • 13. І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;
  • 14. усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.
  • 15. І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў -
  • 16. (а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) - мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;
  • 17. бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;
  • 18. але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя;
  • 19. і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае "зямля крыві".
  • 20. А ў кнізе Псальмаў напісана: "хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе", і: "пасад ягоны іншы хай прыйме".
  • 21. Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,
  • 22. пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.
  • 23. І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,
  • 24. і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,
  • 25. прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.
  • 26. І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.