- 1. Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону:
- 2. цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі,
- 3. тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна.
- 4. Жыцьцё маё зь юнацтва майго, якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі;
- 5. яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня.
- 6. І сёньня я стаю перад судом за надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога нашым бацькам,
- 7. выкананьне якога спадзяюцца пабачыць нашыя дванаццаць родаў, рупліва служачы Богу дзень і ноч: за гэтую вось надзею, цару Агрыпе, вінавацяць мяне Юдэі.
- 8. Што ж? Няўжо вы за неверагоднае ўважаеце, што Бог уваскрашае мёртвых?
- 9. Праўда, і я быў думаў, што мне трэба шмат дзейнічаць супраць імя Ісуса Назарэя;
- 10. гэта я і рабіў у Ерусаліме; атрымаўшы ўладу ад першасьвятароў, я многіх сьвятых замыкаў у цямніцу і, калі забівалі іх, я падаваў за тое свой голас;
- 11. і ва ўсіх сынагогах я шмат разоў мучыў іх і прымушаў зьневажаць Ісуса і, бязь меры лютуючы супраць іх, прасьледаваў нават і ў чужых гарадах.
- 12. Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў,
- 13. сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною.
- 14. Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-Габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна.
- 15. Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш.
- 16. Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе,
- 17. вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе
- 18. адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі.
- 19. Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве,
- 20. а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня.
- 21. За гэта схапілі мяне Юдэі ў храме і спрабавалі разарваць.
- 22. Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да сёньня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога ня кажучы, акрамя таго, пра што прарокі і Майсей казалі, што гэта будзе,
- 23. гэта значыцца, што Хрыстос меў адпакутаваць і, паўстаўшы першы зь мёртвых, абвясьціць сьвятло народу Юдэйскаму і язычнікам.
- 24. Калі ён так бараніўся, Фест гучным голасам сказаў: шалееш ты, Паўле! вялікая вучонасьць даводзіць цябе да вар'яцтва.
- 25. Не, глыбокашаноўны Фесьце, сказаў ён, я не шалею, а кажу словы ісьціны і здаровага сэнсу:
- 26. бо ведае пра гэта цар, перад якім і гавару сьмела; я зусім ня веру, каб ад яго было што-небудзь з гэтага ўтоена; бо гэта не ў закутку адбывалася;
- 27. ці верыш, цару Агрыпе, прарокам? Ведаю, што верыш.
- 28. Агрыпа сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаворваеш мяне зрабіцца хрысьціянінам.
- 29. Павал сказаў: маліў бы я Бога, каб хай меней, хай болей, ня толькі ты, а і ўсе, хто слухае мяне сёньня, зрабіліся такімі, як я, але бяз гэтых кайданаў.
- 30. Калі ён сказаў гэта, цар і правіцель, Вэрэніка і, хто зь імі сядзеў, усталі
- 31. і, адышоўшыся ўбок, казалі паміж сабою, што гэты чалавек нічога вартага сьмерці альбо кайданаў ня чыніць.
- 32. І сказаў Агрыпа Фесту: можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не дамагаўся суду ў кесара. Таму і рашыўся правіцель паслаць яго да кесара.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Дзеi > Глава 26